Пятніца, 06 Кастрычнік 2023

Палітвязня з Оршы Васіля Бераснева змясцілі ў шпіталь, яму патрэбна перасадка ныркі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Палітзняволенага па «справе незалежных прафсаюзаў» Васіля Бераснева, які адбывае пакаранне ў магілёўскай ПК № 15, тэрмінова накіравалі ў Магілёўскі абласны шпіталь. З 2018 г. ён жыве з адной ныркай – другую выдалілі з прычыны анкалагічнага захворвання. Стан ягонага здароўя значна пагоршыўся пасля затрымання 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай «справы прафсаюзаў»: падчас знаходжання за кратамі ў СІЗА КДБ, а потым у СІЗА-1 у яго пачаліся болі ў адзінай нырцы. Належнай медычнай дапамогі ён не атрымліваў, па звестках сваякоў, яму толькі час ад часу ставілі кропельніцы для абязбольвання.

5 студзеня 2023 г. Васіль Бераснеў быў асуджаны адразу па трох крымінальных артыкулах: арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
арт. 361-1 — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;
арт. 130 — Распальванне варожасці ці варажнечы. Суддзя Мінскага гарадскога суда Настасся Папко пакарала прафсаюзнага актывіста 9-цю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Васілю Берасневу 73 гады, ён нязменна кіраваў Аршанскай арганізацыяй РЭП з 2016-га году, прафсаюзная суполка дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, якая займалася дапамогай у вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі.

Апроч працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года. Таксама ён браў удзел у працы Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, якая праводзіла ў Воршы і Аршанскім раёне грамадска-палітычныя і культурніцкія імпрэзы.

Міхась Вішнёў