Чацвер, 12 Кастрычнік 2023

Прызначаны суд над палітзняволенай Святланай Лупач

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Святлана Лупач Святлана Лупач

Маладую жанчыну, затрыманую сёлета ўночы на 1 траўня, вінавацяць паводле ч2. арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс над ёй распачнецца 16 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёна Віцебска, суддзём прызначаны Міхаіл Юрчанка.

Святлану Лупач затрымалі на адной з аграсядзібаў у Глыбоцкім раёне, дзе яна адпачывала з сябрамі. Першапачаткова затрымалі ўсю кампанію, але да раніцы ўсіх адпусцілі, пакінуўшы ў пастарунку толькі Святлану. У яе забралі тэлефон і па выніках праверкі склалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3-га траўня пакараў жанчыну спачатку 10-цю суткамі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага на яе складі яшчэ адзін пратакол і асудзілі да штрафа памерам 25 базавых велічыняў. На волю Святлана не выйшла, яе перавялі ў віцебскі СІЗА-2, прад“явіўшы абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Святлана – дачка вядомага незалежнага журналіста Змітра Лупача, які з прычыны пераследу за прафесійную дзейнасць быў вымушаны з“ехаць з Беларусі ў ліпені 2021-га года.

Тамара Маркоўка