Аўторак, 23 Красавік 2024

Палітзняволеную Аксану Ючкавіч, ураджэнку Докшыччыны, будуць судзіць пасля трох месяцаў у СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

34-гадовую дзяўчыну вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 342 ст. (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).  Яе затрымалі сёлета 23-га студзеня ў Мінску, суд распачнецца 26 красавіка ў мінскім судзе Фрунзенскага раёна. «Ёй пагражае да трох гадоў калоніі, але ёсць вялікая надзея, што выпусцяць на "хатнюю хімію"», -- напісаў у Фэйсбуку зямляк дзяўчыны, краязнаўца Кастусь Шыталь.

Аксана Ючкавіч – хрысціянская актывістка, прыхаджанка парафіі ў Параф'янаве. Яна вядомая сярод католікаў Мінска, дзе арганізоўвала мноства мерапрыемстваў, у кафедральным саборы Мінска спявала ў хоры «Глорыя», пасля пераезду ў Заслаўе актыўна ўдзельнічала ў жыцці мясцовай парафіі,  працавала ў каталіцкай журналістыцы - спачатку ў выдавецтве "Pro Christo", потым на афіцыйным агульнанацыянальным каталіцкім партале Catholic.by.

Яна аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», з яе ўдзелам была створана дзіцячая хрысціянская відэаперадача «Анёлкі з вясёлкі». Аксана Ючкавіч займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі і выкладала на курсах польскай мовы.

У 2020 годзе дзяўчына была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі паводле прысуду за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Затрымлівалі яе і ў 2010 годзе пасля разгону Плошчы ў Мінску, тады яна была асуджана да 10 сутак арышту.

Таццяна Мухіна