«Сёньня Алан абвясьціў галадоўку ў ПК-3! – напісала яна. – Мы яшчэ ня ведаем,чаго ён патрабуе. Гэта шакавальная і вельмі напружаная навіна. Бог ведае толькі, што адбываецца ў гэтай турме. Ён павінен быць выпушчаны праз 3 месяцы, і я ня ведаю, што падштурхнула яго на гэты акт адчаю».
У амбасадзе Вялікай Брытаніі агенцыі БелаПАН паведамілі, што інфармацыя пра галадоўку Алана Сьміта ўдакладняецца.
Тым часам жонка зьняволенага брытанца паведаміла газэце «Новы час», што даведалася пра галадоўку мужа ад «сем'яў іншых вязьняў», зь якімі абменьваецца інфармацыяй. Сама яна апошні ліст ад мужа атрымала ў лютым.
«Некаторы час таму яму адмовілі ў перадачы, якая яму прызначаная паводле закону, – сказала Валінска. – Але мяркую, прычына (галадоўкі) ў нечым большым. Яго ўжо пакаралі, пазбавіўшы дыетычнага харчаваньня, забаранілі хадзіць у спартзалю. Таксама яму нельга працаваць і тэлефанаваць, не дазваляюць ліставаньне. Нават яго лісты на адрас Лукашэнкі і ў Вярхоўны Суд не выходзяць з калёніі. Алан вельмі разважлівы, і мяркую, што калі ён пачаў галадоўку, на гэта былі сур'ёзныя прычыны».
Раней жонка расказвала, што адміністрацыя калёніі з самага пачатку стварала яму праблемы, адмаўляючыся прымаць перадачы. Праз гэта брытанцу давялося правесьці месяцы безь цёплай вопраткі і базавых прадуктаў. А таксама дагэтуль не прынятая перадача кніг і газэт, якія дала амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі.
Тацяна Каровенкава, naviny.by