Чацвер, 09 Жнівень 2018

Чырвоны Крыж – праваабаронцу: Мы выконваем свае функцыі ва ўзаемадзеяньні з ДВП

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

З прапановай узяць на сябе абавязак апекавацца іншаземцамі, якія знаходзяцца ў вязьніцах Беларусі, зьвярнуўся ў рэспубліканскі Чырвоны Крыж віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік. І атрымаў дзіўны адказ за подпісам намесьніцы генэральнага сакратара арганізацыі Раманіі Скамарошкі. Яна паведаміла, якімі законамі кіруецца Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, якая дзяржаўная структура выконвае функцыі ў сфэры выкананьня і адбыцьця пакараньняў, але ні слова не напісала па сутнасьці прапановы.

Паводле Леаніда Сьвеціка, зьяўленьне іншаземцаў ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі ёсьць нэгатыўным бокам абвешчанай урадам палітыкі максымальнай адкрытасьці нашай краіны перад зьнешнім сьветам. У выніку гэтай палітыкі тысячы замежных грамадзян прыяжджаюць у Беларусь. Некаторыя зь іх зьдзяйсьняюць супрацьпраўныя ўчынкі і трапляюць за краты.

«Выхаваныя ў іншых культурных і прававых традыцыях, якія карэнным чынам адрозьніваюцца ад беларускіх, замежныя грамадзяне цяжка пераносяць знаходжаньне ў пэнітэнцыярных установах нашай краіны», – напісаў праваабаронца ў Чырвоны Крыж, абгрунтоўваючы праблему.

Асабліва цяжка, як адзначае спадар Сьвецік, прыходзіцца тым вязьням-замежнікам, якія не атрымліваюць дыпляматычную дапамогу праз адсутнасьць дыпляматычных місіяў іх краін у Рэспубліцы Беларусь. У пацьверджаньне сваіх словаў ён цытуе апублікаваны ў сацсетках зварот да грамадзкасьці сядзельца папраўчай калёніі №3 (пас. Віцьба, Віцебскі раён) калюмбійца Хедыланэ Хіральда, які апошняму ўдалося перадаць на волю:

«Пішу гэты ліст з просьбай аб дапамозе, малю Бога, каб ён дайшоў да Вас. Сёньня, 24-га лютага 2018 году, спаўняецца 18 месяцаў з дня майго зьняволеньня. Амбасада ні разу не наведвала мяне дагэтуль. Я напісаў і даслаў зь дзясятак лістоў у амбасаду Рэспублікі Калюмбія, што знаходзіцца ў Маскве (Расейская Фэдэрацыя), але дасюль не атрымаў ніякага адказу. Дапускаю, што, мабыць, турэмная адміністрацыя не дасылае мае лісты. Магчыма, амбасада не валодае інфармацыяй пра маю сытуацыю з гэтай прычыны. У Рэспубліцы Беларусь няма амбасады Рэспублікі Калюмбія, а палітычнасьць сытуацыя ў краіне досыць «нерэгулярная», так бы мовіць. Мае ўмовы ў гэтым месцы вельмі цяжкія, а знайсьці дапамогу – амаль немагчыма. Усе баяцца. Тут знаходзяцца яшчэ ангельскі і японскі грамадзяне, якія, як і я, патрапілі ў гэтую чорную дзірку. Усе разам спрабуем атрымаць любую дапамогу. Прашу, каму гэта па сілах, кантактуйце зь любой з амбасадаў Рэспублікі Калюмбія, няхай яны мяне падтрымаюць і дапамогуць мне».

На думку праваабаронцы, замежнікаў, якія адбываюць пакараньне за крымінальныя злачынствы ў Беларусі, можна ўважаць за людзей, якія трапілі ў крызысную сытуацыю, зазнаюць маральныя і фізычныя пакуты ды маюць патрэбу ў спагадзе. Таму ён і вырашыў прыцягнуць увагу Чырвонага Крыжа на праблему і прапанаваў арганізацыі, якая «ўжо даказала сваё імкненьне працаваць так, каб у нашай краіне ніхто не заставаўся сам-насам зь бядою», узяць на сябе забавязаньне аказваць гуманітарную дапамогу вязьням-іншаземцам.

Тлумачыць Леанід Сьвецік: «Я зьвярнуўся да кіраўніцтва Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа праявіць гуманнасьць да зьняволеных іншаземцаў, прынамсі да тых зь іх, чые амбасады не прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Спадзяваўся, што дапамога будзе ня разавай, а пастаяннай, аж пакуль вязьні ня вызваляцца альбо не пачнуць атрымліваць падтрымку ад сваіх урадаў. Бо ж для больш-менш годнага пражываньня ў калёніях неабходна мець туалетную паперу, мыла, зубную пасту і шчотку, прылады для галеньня. Нейкія лекі, вітаміны, якія адсутнічаюць у турэмных лекараў. Я не кажу ўжо пра магчымасьць мець дадатковае харчаваньне. Арганізаваць такую дапамогу Чырвоны Крыж мог бы без асаблівых праблем. Паколькі зьняволеных замежных грамадзян у Беларусі адзінкі, выдаткі былі б мізэрныя».

Адказ на прапанову ад намесьніцы генэральнага сакратара Чырвонага Крыжа уяўляе сабой узор канцылярскай мовы: «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа разгледзела Ваш пісьмовы зварот наконт пытаньняў аказаньня гуманітарнай дапамогі іншаземным грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі ў Рэспубліцы Беларусь, і паведамляе наступнае. Дзейнасьць Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ажыцьцяўляецца ў межах патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з прынцыпу роўнага стаўленьня да ўсіх людзей безь якога-небудзь адрозьненьня па прыкметах полу, расы, мовы, грамадзянства, нацыянальнасьці, веравызнаньня, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы, палітычных і іншых перакананьняў».

Далей функцыянэрка арганізацыі, чыя місія – дапамога людзям, дзеля чагосьці тлумачыць, што ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта паўнамоцтвы ажыцьцяўляць функцыі ў сфэры выкананьня і адбыцьця пакараньняў належаць Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС, і што менавіта ў кампэтэнцыі апошняга знаходзіцца вырашэньне ўсіх пытаньняў у асобаў, зьмешчаных пад варту. І завяршае свой ліст праваабаронцу наступным чынам:

«Улічваючы вышэйпададзенае, Беларускае таварыства чырвонага Крыжа выконвае свае функцыі ва ўзаемадзеяньні з Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь».

Навошта ўсё гэта панапісвана, калі не пра тое быў запыт, і які ўсё ж адказ на канкрэтную прапанову праваабаронцы датычна дапамогі вязьням-іншаземцам: так ці не, – засталося нявысьветленым.

Кастусь Дзьвінскі