Панядзелак, 17 Лістапад 2025

Экс-палітвязня Вячаслава Лазарава, якога прымусова вывезлі з Беларусі, цяпер выклікаюць у беларускую міліцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па месцы ягонай прапіскі прыйшла позва з загадам з'явіцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, каб стаць на ўлік. Такія позвы прыходзяць тым, хто выйшаў з месцаў зняволення, у тым ліку па памілаванні. Але віцебскі журналіст зрабіць таго, што ад яго запатрабавалі, не можа: сёлета 11 верасня яго прымусова вывезлі ў Літву ў ліку 52 іншых вязняў, вызваленых у межах перамоў урада ЗША з рэжымам Лукашэнкі.

Журналіста вызвалілі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15, дзе ён адбываў тэрмін зняволення, прысуджаны яму за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Увосень 2023 года Лазарава разам з жонкай  асудзілі паводле часткі 3 артыкула 361-1 КК РБ, яму належала адбыць за кратамі 5 гадоў. Але 2 месяцы таму ен апынуўся на волі – праўда, далёка ад радзімы з вельмі прывіднай магчымасцю вярнуцца.

Паводле Вячаслава Лазарава, у яго на руках няма аніякіх дакументаў, якія акрэсліваюць ягоны цяперашні статус – няма нават даведкі аб вызваленні, якую патрабуе крымінальна-выканаўчая  інспекцыя. Увогуле ж беларускае заканадаўства не прадугледжвае прымусовага вывазу за мяжу па вызваленні. Таму супрацоўнік КВІ, атрымаўшы паперы з калоніі пра вызваленне Лазарава, усё зрабіў згодна з інструкцыяй: выклікаў былога зняволенага для пастаноўкі на ўлік. Інструкцыі на той выпадак, калі чалавека пад прымусам вывезлі ў замежжа, беларуская міліцыя не мае, бо гэтыя дзеянні незаконныя.

Дарэчы, выпадак з Лазаравым не адзіны ў Віцебску. Такую ж позву атрымалі сваякі яшчэ аднаго віцебскага палітвязня - Паўла Нікіценкі, гэтаксама дэпартаванага ў Літву 11 верасня. Яго таксама выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Андрэй Рагоза