Ангеліну Туравец затрымалі 9 траўня на плошчы Перамогі ў Віцебску разам з сябрам – яны прыйшлі паглядзець на парад Перамогі. Хлопца пазней адпусцілі, а Ангеліну кінулі да суду за краты ізалятару.
«Сёння ў мяне скончыліся дваццатыя суткі, выпусцілі своечасова. Забралі з камеры недзе ў 9 гадзін пасля ранішняй праверкі. Вывелі, пасадзілі ў бокс, рэчы вярнулі, дагледзелі, усе канверты перарылі. Сшытак хацелі забраць, у якім я пісала, але я сказала: не аддам і ўсё. Вывелі, пасадзілі ў «бобік» і павезлі ў Чыгуначны РАУС», – падзялілася па вызваленні Ангеліна.
Сябры і знаёмыя, якія чакалі дзяўчыну каля сцен віцебскага СІЗА-2, змаглі яе абняць толькі каля Чыгуначнага РАУС, дзе з Ангелінай правялі прафілактычную размову.
«Матрацаў у нас не было, на дзень іх забіралі, кнігі выдавалі на 30 хвілін. Святло не гасілі ні днём, ні ўначы – спаць немагчыма! Матрац мне выдалі толькі ў гэтую сераду, і толькі таму, што ў мяне паднялася тэмпература», – распавяла пра ўмовы ўтрымання актывістка.
Дадала, што прадуктовыя перадачы да яе не даходзілі, бо забароненыя, а якасць харчавання ў ізалятары такая, што «лепш не есці». Апошнія 10 сутак Ангеліна галадала, піла толькі гарбату і кісель.
Маці Ангеліны Таццяна Туравец пісала наконт жорсткіх умоваў утрымання ў ІЧУ скаргу ў пракуратуру. Ангеліна расказвае, што праверка сапраўды адбылася, да іх у камеру прыходзіў пракурор. Але, на жаль, зменаў пасля гэтага ніякіх не адбылося.
Нагадаем, што напярэдадні сама Таццяна Туравец, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, была прысуджаная да трох гадоў «хіміі» паводле арт. 364 КК. На абвяшчэнне прысуду, які агучвала суддзя Наталля Траццякова, жанчына не зʼявілася.
Уладзімір Бяляўскі