Субота, 25 Чэрвень 2022

Мікалай Статкевіч этапаваны ў Глыбокае

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікалай Статкевіч Мікалай Статкевіч

Вядомы беларускі палітык Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу  (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Да 23 чэрвеня Статкевіча трымалі ў Гомельскім СІЗА. Стала вядома, што яго этапавалі ў Глыбоцкую ПК №13.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 году ў Менску, калі збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Па затрыманні яго двойчы каралі арыштамі па адміністрацыйных справах, і на волю ён больш не выйшаў. Больш за год цягнулася следства, і прысуд палітыку быў вынесены толькі 14 снежня 2021 году. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.

Да 23 чэрвеня Статкевіча трымалі ў Гомельскім СІЗА. Потым яго этапавалі ў Глыбоцкую ПК №13.

Гэтая калонія мае дрэнную славу: тут вельмі суровыя ўмовы ўтрымання, вядома пра выпадкі не аказання медычнай дапамогі і нават пра смерці зняволеных. У Глыбоцкую калонію (яна мае «народную» назву «Беразвечча» – паводле назвы вёскі, якая раней не ўваходзіла ў межы райцэнтру) звычайна размяркоўваюць асуджаных па крымінальных артыкулах за забойствы або так званых «рэцыдывістаў».

Для Мікалая Статкевіча гэтае пакаранне таксама не першае. У 2005-м годзе ён быў асуджаны на тры гады абмежавання волі за арганізацыю вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год. Пазней палітык вылучыўся кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2010-га году. Быў затрыманы 19 снежня 2010-га году пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і змешчаны ў СІЗА КДБ. За «арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх» 26 траўня 2011-га году суддзя Ленінскага раённага суду Мінску Людміла Грачова асудзіла яго на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў магілёўскай «крытай турме» і шклоўскай калоніі № 17. Быў вызвалены праз памілаванне.

У глыбоцкую калонію «Беразвечча» Мікалая Статкевіча перавялі якраз на ўгодкі трагедыі, якая здарылася з вязнямі тагачаснай турмы 24 чэрвеня 1941 году. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў кляштарных мурах мясцілася турма НКУС, і праз два дні пасля таго як нацысцкая Нямеччына напала на сваіх учорашніх саюзнікаў з СССР, пачалася «эвакуацыя» турмы на ўсход. Паколькі вязні былі ў асноўным «палітычныя», «эвакуяваць» іх лічылася небяспечнай справай. Таму частку вязняў расстралялі ў самім Беразвеччы, частку выслалі на ўсход чыгункай, астатніх пашыхтавалі ў калону і пагналі пешшу ў бок Віцебску. Баючыся, што падчас авіяналёту калона разбяжыцца па навакольных лясах, канвой загадаў вязням легчы на зямлю, і яны былі расстраляныя з кулямётаў.

Феліцыян Красоўскі