У звароце Павал Левінаў нагадаў чыноўнікам гарвыканкаму, што ўжо ўздымаў пытаньне аб стане грамадзкіх прыбіральняў у “культурнай сталіцы” ў 2013-м і 2014-м гадох.
Гэтым разам у якасьці ілюстрацыі даслаў гарадзкім уладам фотаздымак прыбіральні, якая знаходзіцца каля Грышана-Залатагорскіх могілак у Віцебску. А каб вырашыць праблему – прапанаваў зладзіць суботнік.
“У выпадку адсутнасьці ў гарадзкім бюджэце грошай прапаную арганізаваць у Віцебскім гарвыканкаме, адміністрацыях раёнаў і на іх даччыных прадпрыемствах суботнік, сродкі ад якога накіраваць на падвышэньне іміджу ня толькі Віцебску, але і ўсёй Рэспублікі Беларусь”, – параіў праваабаронца.
Улады адрэагавалі на зварот на дзіва хутка. Левінаву адказаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.
Ён паведаміў, што дзяржпрадпрыемства Віцебскі спэцыялізаваны камбінат грамадзкага абслугоўваньня (ВСКГА) ужо зрабіў санітарную ачыстку выграбной ямы і выканаў працы па замене грамадзкай прыбіральні на Грышана-Залатагорскіх могілках.
Прыбіральня каля могілак. Як было...
Як стала...
Кіраўніцтву ВСКГА паказана на неабходнасьць узмацненьня кантролю за падтрыманьнем належнага стану тэрыторыяў могілак”, – напісаў у адказе чыноўнік.
Прыбіральню сапраўды памянялі. Пахне сьвежай драўнінай і фарбай. Але сарцір застаўся сарцірам…
Зьміцер Міраш