Субота, 24 Кастрычнік 2015

Настаўнікі з Глыбокага: Увесь год няправільна налічвалі заробак, а цяпер прымушаюць вярнуць ад 400 тысяч да 5 мільёнаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Настаўнікі з глыбоцкай школы №1 прыйшлі на агульны сход і са зьдзіўленьнем даведаліся, што вінны аддзелу адукацыі. Аказваецца, увесь мінулы навучальны год ім пераплачвалі. А цяпер грошы просяць вярнуць назад.

– У нас і так заробак быў не ахці – 3,8 – 4 мільёны, – распавядае адна з настаўніц школы. – У нас больш за 60 пэдагогаў працуе. Тут мы прыйшлі на агульны сход, а завуч і кажа: «Была праверка бухгальтэрыі РАА, вам няправільна налічвалі зарплату». Сумы былі ва ўсіх розныя: у кагосьці 400 тысяч, у кагосьці – пяць мільёнаў. Асабіста мне пашанцавала, плаціць не прыйшлося. Але такіх шчасьліўчыкаў няшмат. Некаторыя ўжо заплацілі, хтосьці яшчэ не. Але незразумела, чаму мы павінны плаціць за чыесьці памылкі?

Сытуацыю са школай патлумачылі ва ўпраўленьні па працы, занятасьці i сацыяльнай абароне Глыбоцкага райвыканкаму.

– Так, сапраўды, аддзел адукацыі правярала кантрольна-рэвізійнае ўпраўленьне, – патлумачылі ва ўпраўленьні. – І выявілі памылкі пры налічэньні зарплаты. Што магу сказаць настаўнікам. Згодна з артыкулам 107 Працоўнага кодэксу заработная плата, залішне выплачаная работніку наймальнікам, у тым ліку пры няправільным ужываньні закону, не можа быць зь яго спагнаная, за выняткам выпадкаў падліковай памылкі. Яны павінны высьветліць, чаму адбылася пераплата. Калі гэта падліковая памылка – то яны абавязаныя вярнуць грошы. А калі гэта чалавечы чыньнік ​​– могуць і не плаціць. Але разумець, што за гэта адкажа той, хто зрабіў памылку.

– А што рабіць тым, хто заплаціў ўжо?

– Калі яны панесьлі грошы, значыць пагадзіліся з памылкай і гатовыя былі вярнуць.

Крыніца: Онлайнэр.бай