Чацвер, 04 Люты 2016

У вёску ў Віцебскім раёне ўжо паўтара месяца не прыяжджае аўтакрама

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праблема ўсплыла ў сацсетках: рэжысэр зь Менску Надзея Гаркунова напісала, што жыхары вёскі Гараднянскі Мох Віцебскага раёну некалькі тыдняў ня могуць купіць малако і хлеб – да іх не даяжджае аўтакрама.

Першая думка па чытаньні: пасьля сьнегападу не змаглі праехаць. Але аўтар допісу ў тэлефоннай размове сьцьвярджала, што пра зрыў графіку даведалася паўтара месяца таму:

– Даўно падтрымліваю сувязь зь мясцовай бабуляй. Здымала неяк сюжэт пра Гараднянскі Мох, прасякнулася цяжкасьцямі паміраючай вёсачкі і стала сачыць за яе жыцьцём. Стэлефаноўваюся, пытаюся, як справы. Пры канцы лістапада яна распавяла, як з суседкамі выйшлі сустракаць аўтакраму, доўга стаялі, зьмерзьлі, а машына міма праехала. Усялякае здараецца, ведаеце, але калі і да сярэдзіны сьнежня бабулька сама ні разу не купіла малака, я ёй стала пасылкі з прадуктамі дасылаць. Аўтакрама, паводле яе словаў, так і не прыходзіць.

І гэта ў васьмі кілямэтрах ад Віцебску! Высьветліўшы ў мясцовых расклад аўтакрамы, еду ў Гараднянскі Мох чакаць краму на колах. Апоўдні, серада ... Дарога да вёскі, насуперак чаканьням, прачышчаная, з праездам праблем няма. Затое хаты ўсе засьнежаныя, у дварох ані сьцяжынкі. Бачна, зімой вёска пустуе. На павароце вуліцы Цэнтральнай бачу цагляны дом, дзе топяць печку. На грукат выходзіць чалавек у шапцы электраманцёра – аказваецца, сын той самай бабулі, якая атрымлівае прадуктовыя пасылкі са сталіцы:

– Так, праўда, даўно ўжо аўтакрамы не было, тыдні тры – дык дакладна. Ды вы заходзьце, маці вам сама ўсё распавядзе, я ж тут ня кожны дзень.

Знаёмімся. Надзеі Пятроўне ўжо за дзевяноста, яна тут вырасла і памятае Гараднянскі Мох вялікім пасёлкам, які рос дзякуючы торфапрадпрыемству. Працавалі крамы, лазьня, сталоўка. Людзі будаваліся і падумаць не маглі, што жыцьцё сыдзе з гэтых мясьцін. А цяпер зімой, кажа, у вёсцы і дзесяці чалавек не налічыш:

– Улетку шмат дачнікаў, дык і аўтакрама была. А ў сьнежні – добра, калі адзін раз прыяжджала. Да найбліжэйшай крамы ў Сасноўцы – два кілямэтры. Добра, мне сын прывозіць прадукты зь Віцебску. Суседка, якой пад 70, з кійком па харчы ходзіць, потым на сьпіне торбу цягне. Хіба гэта жыцьцё? Раней краму сустракала дакладна паводле раскладу: кожную сераду а 12-й, у пачатку на першую. Малака вазьму, сьмятаны, хлеба. А цяпер што?

– Вы ў райспажыўтаварыства, у сельсавет тэлефанавалі?

– Тома, суседка, здаецца, тэлефанавала. Яна і наконт вады тэлефанавала, карысьці – нуль. Калёнка месяц як замерзла, ваду паводле раскладу на вадакачцы трэба браць.

Тамара Маторына жыве праз дом, гасьцінна запрашае на гарбату і з болем распавядае пра тое, як выжывае зімой Гараднянскі Мох:

– На аўтакраму грэх крыўдаваць – хто тут узімку будзе яе чакаць? Колькі разоў бачыла: Пасыгналіў, пастаяў і – няма нікога. Шчыра кажучы, толькі часам бяру там соль, цукар і запалкі. Астатняе пляменьніца прывозіць або сама ў горад ежджу. Пасьля сьнегападу, бачыла, аўтакрама не магла заехаць: не пасьпелі дарогу прачысьціць. Сапраўдная бяда тут у іншым – праблема з водазабесьпячэньнем. Перад Новым годам вады ня стала. Тры дні запар майстру тэлефанавала, абяцаў зрабіць – нічога, потым у райкамгас – той самы эфэкт. Хацела б я паглядзець, як гэтыя работнікі паўмесяца будуць жыць без вады.

Прачакаўшы паўтары гадзіны на вуліцы, пераконваюся: у гэтую сераду аўтакрама ў Гараднянскі Мох ізноў не заехала. Але, як той казаў, няма ліха без дабра – ёсьць час схадзіць на вадапомпавік.

Па дарозе сустракаю Валянціну Ёсіфаўну, якая цягне на санках два пустыя бітоны. Пачуўшы пра аўтакраму, яна кажа, што таксама на яе не спадзяецца: адзін раз своечасова не прыехалі, так і перастала чакаць. А вось без вады ёй ніяк – муж хворы, ляжачы, шмат мыцьця:

– Да маразоў мы з дачкой езьдзілі на возера па ваду, цяпер тут набіраем. Але не заўсёды атрымліваецца. У пятніцу вось узялі два бітоны, а ў панядзелак кран нейкі сарвала, дык без вады засталіся. Добра, сьнегу шмат – таплю яго ў мэталёвай ваньне, каб мужавую бялізну паласкаць.

Раздача вады выглядае так: хлопец з райкамгасу залазіць у склеп, падлучае помпу, у дзірку ў сьцяне прасоўвае шлянг – і вада паўгадзіны льецца на зямлю.

У той жа дзень тэлефаную ва УП ЖКГ «Віцрайкамгас». У аддзеле зваротаў грамадзян паведамляюць, што ні пісьмовых, ні электронных заяў ад жыхароў Гараднянскага Моху да іх не паступала. Галоўны інжынэр Алег Гецман, аднак, у курсе праблемы:

– Старыя аб'екты водазабесьпячэньня ў гэтай вёсцы мы ўзялі на балянс дзевяць гадоў таму. Вадаправод там ёсьць толькі з правага боку, будавалі яго гаспадарчым спосабам на глыбіні паўтара мэтру – гэта асноўная прычына прамярзаньня. Уплывае і адсутнасьць пастаяннага разбору вады. У вёсцы налічваецца 30 двароў, пастаянна пражываюць 48 чалавек, але зімуюць ня больш за дзесяць. Выйсьце бачым у будаўніцтве шахтных калодзежаў, але гэта пад пытаньнем.

Пакуль на вуліцы будзе мінус, жыхарам прыйдзецца браць ваду на вадапомпавіку паводле раскладу: панядзелак, серада, пятніца ў дзьве гадзіны дня. У ЖКГ паабяцалі правесьці апытаньне і пры неабходнасьці дастаўляць людзям бутыляваную ваду з Сасноўкі.

Што ж тычыцца забесьпячэньня прадуктамі, то начальнік аддзелу арганізацыі гандлю УП «Віцебская унівэрсальная база» Натальля Белякова аб праблеме даведалася ад карэспандэнта. Прычына высьветлілася праз гадзіну:

– Паводле словаў прадаўца, яна ў сьнежні тройчы заяжджала ў вёску, але ніхто ня выйшаў, затым праезду перашкаджалі сьнегапады. І ад жыхароў не было сыгналу, хоць гэта не апраўданьне. Але хачу сказаць, што нашы аўтакрамы дастаўляюць прадукты, нават калі ў вёсцы пражываюць адзін-два чалавекі. А зімой мы гатовыя і каля хаты спыняцца.

...Ужо ў чацьвер прадавец аўталаўкі Галіна Аўтухова пабывала ў бабуль з Гараднянскага Моху і, хоць гэтым разам яны нічога ў яе не купілі, абяцала надалей прыяжджаць строга паводле раскладу.

Камэнтар Віктара Дарожкіна, намесьніка старшыні Віцебскага райвыканкаму:

– Нават на тыдзень пакінуць пажылых людзей без гандлёвага абслугоўваньня – гэта абуральная безадказнасьць. Мы, вядома, не пакінем гэты факт без увагі. Зімой аўтакрамы – ледзь не адзіная сувязь са сьветам для аддаленых і маланаселеных вёсак, таму выканкам трымае гэтае пытаньне на асаблівым кантролі. Нават расчыстка дарог у моцныя сьнегапады ўзгадняецца з графікам аўтакрамаў. Шкада, што жыхары вёскі не зьвярнуліся наўпрост ва ўнівэрсальную базу або ў выканкам: тэлефоны ёсьць на кожнай аўтакраме, пастаянна праводзяцца «простыя лініі» з кіраўніцтвам, штодня працуе «гарачая лінія». Найменшыя нараканьні з нагоды выязнога гандлю мы выпраўляем да наступнага выезду.

Вольга Кручанкова, sb.by