Пры нязначным зьніжэньні колькасьці цяжкіх (мінус 0,2%) і асабліва цяжкіх (мінус 5,4%) злачынстваў у цэлым па вобласьці ў шэрагу рэгіёнаў (Наваполацак, Лепельскі, Талачынскі, Мёрскі, Шумілінскі , Расонскі раёны) адбыўся іх рост. Павялічылася колькасьць зарэгістраваных адміністрацыйных правапарушэньняў (плюс 7,7%), у тым ліку дробных крадзяжоў, наўмыснага зьнішчэньня або пашкоджаньня маёмасьці.
Па-ранейшаму на тэрыторыі Віцебскай вобласьці гіне і траўмуецца значная колькасьць грамадзян. У выніку пажараў, утапленьняў, дарожна-транспартных здарэньняў і няшчасных выпадкаў на вытворчасьці ў першым паўгодзьдзі бягучага году загінулі 193 чалавекі. Адна з прычын зьдзяйсьненьня злачынстваў і правапарушэньняў, гібелі і траўматызму грамадзян - п’янства і алькагалізм. Каля траціны злачынстваў у Віцебскай вобласьці зьдзейсьнена асобамі, якія знаходзіліся ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Пры гэтым, як канстатавалі правяраючыя, меры, што прымаюцца ў мэтах выкананьня заканадаўства аб прафіляктыцы правапарушэньняў, зьяўляюцца недастаткова эфэктыўнымі, а праца, якая праводзіцца ў гэтым напрамку, адрозьніваецца фармалізмам. Шматлікія рашэньні і праграмы па барацьбе са злачыннасьцю, комплексныя пляны ў сфэры прафіляктыкі не прадугледжваюць канкрэтных мерапрыемстваў і даручэньняў, не абмежаваныя тэрмінамі выкананьня. Ня выпрацаваны падыход да складаньня плянаў, не ажыцьцяўляецца належны кантроль за выкананьнем асобных практычных мерапрыемстваў.
Праверка паказала наяўнасьць парушэньняў у арганізацыі прафіляктычнай працы грамадзкіх пунктаў аховы парадку, сельскіх выканкамаў.
“У цэлым вынікі праверкі сьведчаць пра адсутнасьць належнай працы па прафіляктыцы правапарушэньняў, фармалізм у працы шэрагу службовых асобаў”, - гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры.
У прадстаўленьні аблвыканкаму патрабуецца прыняць меры да безумоўнага выкананьня патрабаваньняў заканадаўства аб прафіляктыцы правапарушэньняў, забясьпечыць своечасовую распрацоўку і прыняцьце рэгіянальных праграм па барацьбе са злачыннасьцю на 2014 год.
У абласной і раённых праграмах (плянах) па барацьбе са злачыннасьцю, карупцыяй і п’янствам прадугледзець канкрэтныя мерапрыемствы па прафіляктыцы правапарушэньняў і ўдзел у іх органаў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, унутраных спраў і іншых суб’ектаў прафіляктыкі; арганізаваць правядзеньне выканкамамі ўсіх узроўняў на пастаяннай аснове глыбокага аналізу стану правапарадку ў рэгіёнах з выяўленьнем прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненьню злачынстваў і правапарушэньняў, вынікі апэратыўна прымяняць у сваёй дзейнасьці ўсім суб’ектам прафіляктыкі.
Крыніца: БелаПАН