Пятніца, 17 Ліпень 2020

Ня стала Юрыя Нагорнага…

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Юры Нагорны Юры Нагорны

У пятніцу 17 ліпеня ў вёсцы Селішча Аршанскага раёну сышоў з жыцьця Юры Нагорны – настаўнік, краязнаўца, актывіст Аршанскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Яму было 72 гады.

«Сышоў у вечнасьць выдатны беларус, сьветлы чалавек, Юры Аляксандравіч Нагорны. Усё сваё жыцьцё ён аддаў Бацькаўшчыне. Добры настаўнік, мудры адміністратар, самаадданы грамадзкі дзеяч. Лідар. Юры Аляксандравіч увасабляў сумленьне, сьціпласьць, вялікую любоў да Беларусі. У вялікім і малым, у сэрцы і ў розуме ўвесь час ён насіў Бацькаўшчыну: яе лёс, яе трагедыі і дасягненьні. Яго жыцьцё, праца і мары былі аб Вольнай Беларусі. Ён верыў, чакаў і рабіў штодзень дзеля яе, для беларускага народу. Вольная Беларусь, вольныя беларусы, аршанцы будуць вечна памятаць аб сваім вялікім патрыёце. Добрая памяць!»напісаў з нагоды сьмерці Юрыя Нагорнага кіраўнік віцебскага грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзтва і самакіраваньне» Хрыстафор Жаляпаў.

Юры Нагорны на Наваградчыне, на хутары Мондзіна. У 5-й клясе напісаў першы верш па-беларуску. Яго апублікавала літоўская газэта. Школу скончыў з сярэбраным мэдалём. Усё сваё жыцьцё Юры Нагорны настаўнічаў, быў дырэктарам школы ў Барані. Ад 1985-га да 1995-га году быў старшынём гарсавету ў Барані. На пасяджэньнях выступаў па-беларуску. У 1968 годзе ён быў сярод падпісантаў звароту да савецкіх функцыянэраў, каб на беларускім аддзяленьні БДУ гуманітарныя дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Ініцыятарам ліста былі тады студэнты Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Лявон Барташ.

«Віцебская Вясна» выказвае глыбокія спачуваньні родным і блізкім Юрыя Нагорнага. Смуткуем разам з вамі…

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.