Юбілейны XX зʼезд партыі БНФ маецца адбыцца 24 кастрычніка ў Менску, але ўжо ўзніклі праблемы з памяшканнем. Дамова аб арэндзе канферэнц-залы была заключаная, але яе ўласнік, не тлумачачы прычын, адмовіўся даваць памяшканне. Калі дакладна і дзе пройдзе зʼезд, пакуль невядома.
«Нібыта няма памяшкання, адмовілі ў тым памяшканні, у якім планавалася. І 24-га зʼезд не адбудзецца. Цяпер вырашаюць, ці 31 кастрычніка, ці 7 лістапада ён пройдзе, але ўсё гэта пакуль недакладна», – сказаў на пачатку сустрэчы кіраўнік абласной рады партыі Кастусь Смолікаў.
Асноўнае пытанне, якое павінен разгледзець зʼезд – выбары лідара партыі. З 2017 году яе ўзначальвае Рыгор Кастусёў. Ці зможа ён перабрацца на чарговы тэрмін, незразумела: у многіх аднапартыйцаў назапасілася да яго шмат прэтэнзіяў.
У выніку галасавання на зʼезд абралі 5 дэлегатаў, яшчэ 2 дэлегаты паедуць у якасці сябраў партыйнай рады. Такім чынам, Віцебск будуць прадстаўляць 7 чалавек.
Большую частку сходу заняло абмеркаванне цяперашняй палітычнай сітуацыі, пратэставых акцый і магчымае змяненне Канстытуцыі.
«Размова з цяперашняй уладай і з чыноўнікамі цяпер можа быць толькі адна – аб транзіце ўлады, пасля таго як Лукашэнка сыдзе са сваёй пасады. І больш няма пра што размаўляць!» – заявіў Хрыстафор Жаляпаў, крытыкуючы прыхільнікаў абмеркавання зменаў у Канстытуцыі, якія спрабуюць навязаць улады.
На думку Валерыя Паўлоцкага, аднаго з абраных дэлегатаў і кіраўніка віцебскай гарадской Рады БНФ, у рэжыма дастаткова сродкаў, каб супрацьстаяць пратэстам, і гэта можа працягвацца вельмі доўга. З гэтага вынікае небяспека аншлюсу Беларусі Расеяй, мяркуе палітык.
Уладзімір Бяляўскі