Серада, 25 Верасень 2024

Віцебскі гарвыканкам інфармуе пра страляніну ў горадзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Менавіта так можна акрэсліць афіцыйнае паведамленне наконт правядзення актыўнай фазы навучальнага збору ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў з 23 па 30 верасня 2024 г. па вул. Максіма Горкага (раён Рачнага порта). Грамадзян просяць паставіцца да вучэнняў з разуменнем і захоўваць спакой. Але гарадскія ўлады не паведамляюць, як трэба дзейнічаць цывільнаму насельніцтву ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

У Віцебску
будзе ажыццяўляцца практычная адпрацоўка тактычных заданняў і праводзіцца стральба са стралковай зброі, інфармуе гарвыканкам. Але ў дадзенай сітуацыі можа ўзнікнуць шэраг пытанняў наконт паўнаты і якасці прадстаўленай інфармацыі. Зварот да грамадзян аб правядзенні ваенных вучэнняў і стрэльбах па вул. Максіма Горкага без прадастаўлення кантактаў для экстранай сувязі і тлумачэнняў, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнага здарэння, выглядае няпоўным і недастаткова інфарматыўным. Гэта можа выклікаць у насельніцтва неспакой і незадаволенасць.

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, органы дзяржаўнай улады абавязаны забяспечваць грамадзян своечасовай і поўнай інфармацыяй аб любых надзвычайных сітуацыях. У прыватнасці, інфармацыя павінна ўключаць прагназуемыя і надзвычайныя сітуацыі, меры бяспекі, а таксама кантакты экстраных службаў. У дадзеным паведамленні няма такіх важных рэчаў, як:

- Кантакты для экстранай сувязі.
Адсутнасць нумароў тэлефонаў, куды грамадзяне могуць звярнуцца ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, стварае рызыку непаразуменняў і няправільнага рэагавання ў патэнцыйна небяспечных сітуацыях.

- Інструкцыя па бяспецы.
Паведамленне не змяшчае рэкамендацый аб тым, як паводзіць сябе грамадзянам паблізу зоны вучэнняў.
Незразумела, якім чынам будзе гарантавана бяспека жыхароў, а таксама якія іхныя дзеянні могуць мінімізаваць рызыкі: магчыма, у пэўны час сутак ім не варта пакідаць сваё жытло або пазбягаць з'яўлення на пэўных гарадскіх тэрыторыях.

- Вызначанасць па зоне вучэнняў.
У раёне Рачнога порта знаходзяцца жылыя дамы, крама, канцавы прыпынак некалькіх аўтобусаў і маршрутных таксі, гарадскія могілкі, заказнік «Чортава барада». Непадалёк месціцца сярэдняя школа №35. Але ў інфармацыйным паведамленні не пазначана, дзе канкрэтна будуць праходзіць вучэнні і ці будуць абмежаваныя перамяшчэнні грамадзян для іх жа бяспекі.

Між тым прадастаўленне больш падрабязнай інфармацыі - гэта спосаб палепшыць дыялог з насельніцтвам і павысіць узровень даверу да ўладаў у сітуацыях, звязаных з бяспекай.

Віктар Яшын