Панядзелак, 28 Кастрычнік 2024

Жыхар Ушачаў не ведае, што рабіць: побач адчынілася рытуальная зала, і ўся сям'я вымушана назіраць развітанне з нябожчыкамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ушачанін пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, бо не згодны з тым, што падобныя ўстановы размяшчаюць у жылой зоне. Атрымаўшы адусюль адказы, што дакументы ў прадпрымальніка – арандатара памяшкання рытуальнай залы – у поўным парадку, тамтэйшы жыхар вырашыў змагацца з спакой уласнай сям'і самастойна. Незвычайным спосабам, але гэта, падобна, падзейнічала.

«Вечером привозят и заносят гробы, а утром вывозят. И вечером, и днем плачущие люди. Ребенок десятилетний все это видит», - распавёў у ТікТок жыхар Ушачаў. Ен кажа, што цяпер ягоны дзесяцігадовы сын баіцца спаць адзін – засынае толькі з бацькамі. І мала таго, што не спраўдзілася мара пра ўласны дом у ціхім месцы, дык і прыватнае жыццё цэлай сям'і стварае пэўны дыскамфорт для тых, хто прыходзіць на траурную цырымонію развітання з памерлым: «З лазні выходзіш у адных майтках, а тут такое... Да мяне сястра прыязжае з пляменнікамі, дзеці скачуць на батуце, смяюцца, а побач – пахаванне».

Мужчына разумее, што рытуальная зала – аб'ект патрэбны. Але не згодны з тым, што яе адчынілі ў прыватным сектары. Паколькі скргі ў афіцыйныя інстанцыі нічога не далі, ен абраў уласны спосаб змагання з нязручным суседствам. Маўляў, раз уладальнік спецаб'екта стварыў нязручнасці яму, то адказ будзе такі самы: гаспадар абвясціў, што ў яго на падворку будзе граць музыка. Пры гэтым ушачанін папрасіў прабачэння ва ўсіх удзельнікаў развітальных мерапрыемстваў, і нават паабяцаў паставіць свечкі за супакой душы  кожнага нябожчыка. Маўляў, іншага спосабу змагацца за маральны стан чальцоў сваёй сям'і ў яго не застаецца...

На мужчыну з крытыкай тут жа абрынулася абласная газета «Витебские вести». Аўтара роліка ў ТікТок абвінавацілі ў тым, што ен ловіць «хайп на трауре». І прыгразілі адказнасцю «за хуліганскія дзеянні», хаця на ўласным падворку гаспадар можа ўключаць музыку колькі заўгодна, калі гэта адбываецца ў дзённы час. Таксама, паводле газеты, рытуальная зала знаходзіцца не ў жылой, а ў былой прамысловай зоне. І ўвогуле – непадалёк месцяцца могілкі, каля якіх людзі жывуць дзесяцігоддзямі, і прэтэнзій не выказваюць...

Розніца хіба ў тым, што ўшачанін спачатку набыў сабе жытло, а ўжо потым паблізу, вокны ў вокны, з'явілася рытуальная зала. І толькі напрыканцы артыкула, пасля асуджэння чалавека, які спрабуе адстойваць правы сваёй сям'і, згадваецца суцяшальны факт. Найверагодней, звароты і бескампрамісная пазіцыя гаспадара прыватнай уласнасці ўсё-ткі падзейнічалі: прадпрымальнік, які арэндаваў памяшканне пад рытуальную залу, збіраецца паставіць плот - «это будет способствовать ограничению обзора с улицы и участка», дзе жыве сям'я аўтара роліка ў ТікТок.

Надзея Логінава