Па словах рэктаркі ВДУ, старшыні Віцебскага абласнога аддзялення БП «Белая Русь» Валянціны Багатыровай, праект выклікаў вялікую цікавасць сярод актывістаў усіх аддзяленняў партыі ў рэгіёне, таму колькасць месцаў вырашылі не абмяжоўваць. Ахвотных набралася 40 чалавек. Навучальны план разлічаны на 36 акадэмічных гадзін. Заняткі будуць праходзіць штотыдзень па пятніцах. У якасці спікераў выступяць вядомыя гісторыкі, палітолагі, журналісты, філосафы.
Пасля заканчэння курсаў слухачы атрымаюць пасведчанне аб перападрыхтоўцы дзяржаўнага ўзору. Ці будуць на выпускнікоў ускладзены нейкія абавязкі – прыкладам, па пашырэнні атрыманых ведаў – пакуль не зразумела.
Чаму канкрэтна збіраюцца навучаць у «Партийной школе», таксама да канца не зразумела. Гарадская газета «Віцьбічы» цытуе спадарыню Багатырову, якая прадаставіла платформу для курсаў у падпарадкаванай ёй ВНУ. Але гэта ўсяго толькі агульныя фразы: «Пачынаем з грамадска-палітычнай свядомасці, з фармавання асобы партыйца, яе якасных характарыстык. Потым пяройдзем да існуючых цывілізацыйных разломаў, у якіх мы пражываем. Гэты цікавы час, але, каб разумець, куды мы ідзем, трэба праводзіць рэтраспектыўны аналіз, выбудоўваць вектар развіцця пісьменна і выразна, пры гэтым маючы аб'ектыўную ацэнку ўсяго, што адбываецца па вонкавым перыметры краіны і ўнутры яе. Найважнейшыя пытанні - геапалітычны і геаэканамічны складнікі сучаснага свету. Таксама будзем казаць аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці. Інакш кажучы, пра ўсё тое, на чым грунтуецца БП "Белая Русь".
Нагадаем, Рэспубліка Беларусь - прэзідэнцкая рэспубліка, у якой існуюць ўсяго чатыры палітычныя партыі. І ўсе яны праўладныя. Апазіцыйныя партыі ў 2023 годзе былі гвалтоўна ліквідаваны. Аднак на афіцыйным узроўні ўпарта падкрэсліваецца, што ў дзяржаве існуе партыйная разнастайнасць.
Ігар Сяргейчык