Аўторак, 18 Люты 2025

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў "экстрэмісцкім" youtube-канал пра пірагі і плюшкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На гэтым рэсурсе вымушаная эмігрантка Кацярына Мірзоева дзеліцца сваімі рэцэптамі. Падобна, "экстрэмісцкім" відэаканал "Всё сначала" прызнаны за ранейшыя ролікі, дзе аўтарка, былая жыхарка Полацка, распавядала , чаму мусіла пакінуць Беларусь. Цяпер яна жыве ў Польшчы. Расказваем гісторыю 66-гадовай пенсіянеркі, якая ў замежжы была вымушана пачынаць “всё сначала”.

Рашэнне прызнаць "экстрэмісцкім" youtube-канал Кацярыны Мірзоевай суд прыняў 14 лютага. Праз чатыры дні інфармацыя пра гэта з’явілася ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На гэтым рэсурсе звяртаюць на сябе ўвагу два кароткія відэролікі пра тое, як аўтарка ў 2021 годзе была вымушана хутка пераехаць ва Ўкраіну. З’язджала “месяцы на два”, але неўзабаве стала ясна, што ў Беларусі яе чакаюць рэпрэсіі, і жанчына перабралася ў Польшчу.

Што да вандроўнага жыцця, то такія перамены ў лёсе жанчыны ўжо былі: яна жыла ў Глыбокім, у Полацку, потым 10 гадоў працавала ў Расіі. Даводзілася рабіць усе, каб падтрымліваць сваіх дваіх дзяцей, якіх гадавала адна.

У 2020 годзе жанчына актыўна выказала сваю пазіцыю, выступіўшы на стрыме ў Ціханоўскага, потым узяла ўдзел у мітынгах у некалькіх райцэнтрах. Калі пачаліся масавыя паслявыбарчыя пратэсты, Кацярына збірала перадачы для затрыманых. Па «народным» артыкуле 23.34 КаАП у 2020-м прайшоў і яе сын. Ужо тады яна вяла свой youtube-канал, дзе гаварыла пра ўсё, што набалела. Бывала, што ў каментарах яе актыўна падтрымлівалі, а бывала, што і пагражалі.

З’язджаць з Беларусі вырашыла, бо да гэтага штурхала трывога за сына: яго выклікалі ў міліцыю, у Следчы камітэт, і ўсё хілілася да таго, што супраць хлопца завядуць крымінальную справу.З’язджалі з ім разам ва Ўкраіну - такі самы шлях прайшлі сотні беларусаў. Потым пераехала ў Польшчу, жыла ў некалькіх гарадах - у Кракаве, у Зялёнай Гуры, у Познані. Але Кацярына ўсё адно марыць вярнуцца ў Полацк. Як толькі гэта будзе магчыма.

Раіса Наімава