Субота, 08 Сакавік 2025

Да меркавання грамадскасці не прыслухаліся

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску ў апошнія гады актыўна ўшчыльняюць гарадскую забудову, узводзячы новыя дамы “вокны ў вокны” са збудаванымі раней. Пратэставаць супраць гэткага ўшчыльнення спрабавалі  жыхары дома №105 корп.1 па Маскоўскім праспекце - побач з іх домам вырашылі ўзводзіць яшчэ адну шматпавярхоўку.

Незадаволеныя жыхары вырашылі ўдзельнічасць у грамадскім абмеркаванні праекта будаўніцтва і даслалі калектыўны ліст з контраргументамі. Так, людзі чакалі, што побач з іхным жытлом з’явяцца неабходныя аб’екты інфрмаструктуры :  пошта і банкаўскае аддзяленне. У лісце, які падпісалі 47 чалавек, падкрэслівалася, што разлік на адпаведную інфраструктуру быў важным аргументам за тое, каб пасяліцца менавіта тут. Бо і невыгоды таксама  былі: іх дом узведзены такім чынам, што сонечнае святло ў кватэры трыпляе толькі па абедзе, і то ненадоўга. І новая шматпавярхоўка будзе яшчэ адной перашкодай, калі казаць пра натуральнае асвятленне.

Гэтыя аргументы не былі прынятыя да ўвагі: праект вырашылі рэалізоўваць, не зважаючы на пратэсты.  Маўляў, санітарныя нормы не парушаны, а дазвольная дакументацыя на будаўніцтва была прынятая яшчэ ў 2007 годзе.


Такім чынам, трохпад’ездны 16-павярховы дом пачнуць узводзіць бліжэйшым часам. Пра гэта паведаміў  галоўны інжынер Упраўлення капітальнага будаўніцтва Сяргей Польскі. Яшчэ адна “свечка” сярод дамоў у ранейшай забудове з’явіцца на вуліцы Марка Фрадкіна - 16-павярховы дом на адзін пад’езд.