У Воршы 16 лютага адбыўся сход актыву кампаніі «Гавары праўду» Віцебскай вобласьці. Да больш як 20 актывістаў зь Віцебску, Воршы, Коханава, Полацку, што сабраліся, прыехаў сябра цэнтральнага штабу кампаніі Сяргей Вазьняк. Размова пайшла пра зробленую працу і пляны на будучыню.

Адвакат Станіслаў Абразей, які бараніў Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага, зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага Суду з патрабаваньнем неадкладна разгледзець наглядную скаргу. Гэта належала зрабіць не пазьней як у кастрычніку мінулага году. Але спадар Абразей не атрымаў ніякага адказу дагэтуль, хоць скарга была накіраваная яшчэ паўгода таму.

Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва. Гэтая жанчына не пакінула змагацца за свайго сына і пасьля выкананьня прысуду. Зараз яна дамагаецца выдачы цела растралянага Ўладзіслава Кавалёва, дагэтуль ёй вярнулі нават ня ўсе яго асабістыя рэчы.

Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды». На сустрэчу зь пісьменьнікам, што ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 7 лютага, прыйшло больш за 100 чалавек – мясцовых літаратараў, студэнтаў, настаўнікаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».