У чэрвені 2021 года сястра Паўлава распавяла праваабаронцам, што ад брата паўтары месяцы не было лістоў. Калі жанчына сабралася ехаць да брата на спатканне, яна як звычайна патэлефанавала начальніку СІЗА і паспрабавала дамовіцца на канкрэтную дату і час. Раней гэта было звычайнай працэдурай, улічваючы што яна з Віцебску. Але гэтым разам у СІЗА ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не паведамілі інфармацыі пра стан брата. У сувязі з гэтым па просьбе сястры Віктара ў СІЗА пайшла адвакатка, якой паведамілі, што Віктара Паўлава там няма. Сястра Паўлава меркавала, што ўсе гэтыя факты сведчаць пра тое, што яе брата расстралялі, але афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выканне прысуду сям’я Віктара на той момант не атрымлівала.
Праваабаронца Павел Левінаў, які рыхтаваў зварот ад імя Віктара Паўлава ў Камітэт ААН па правах чалавека так пракаментаваў сітуацыю:
"Сястра Віктара Паўлава атрымала дакументы аб выкананні прысуду ў ліспадзе 2021 года. Увесь гэты час (ад красавіка 2021 года), як прыпынілася з ім ліставанне, доўгія месяцы, нягледзячы на шматлікія запыты і просьбы, улады хавалі факт расстрэлу Віктара Паўлава, узмацняючы пакуты яго сваякоў. Больш за тое, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне нягледзячы на тое, што яго справа па-ранейшаму знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па Правах чалавека». ⠀
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда:
«Гэта сістэмны выпадак, калі лёс прыгаворанага да смяротнага прысуду невядомы доўгі час. Як ужо сталася сістэмай і ігнараванне ўладай міжнародных абавязальніцтваў, расстрэл нягледзячы на разгляд справаў у Камітэце ААН па правах чалавека».