Аксана Мушкат, якая вымушаная была зьвярнуцца ў суд, каб дамагчыся справядлівасьці, зьяўляецца інвалідам. Інваліднасьць па зроку яна займела, працуючы дворнічыхай у Глыбоцкай ЖКГ. Жанчына запатрабавала больш лёгкіх умоваў працы, і гэта не спадабалася начальству. Стаўшы для кіраўніка арганізацыі непажаданай працаўніцай, Аксана Мушкат адчула на сабе розныя мэтады ўціску. Працяглы канфлікт працадаўцы і дворнічыхі ў выніку скончыўся звальненьнем апошняй.
Не пагадзіўшыся з рашэньнем пра звальненьне, спадарыня Аксана пачала змагацца за сваё аднаўленьне на працы. 18 лістапада мінулага году Глыбоцкі раённы суд прызнаў звальненьне дворнічыхі незаконным. Акром таго, суд абавязаў жыльлёва-камунальную гаспадарку выплаціць сваёй працаўніцы грашовую кампэнсацыю ў памеры больш за восем мільёнаў рублёў.
Гэткае судовае рашэньне, вядома, не задаволіла працадаўцу. На працы жанчына была адноўленая, але адначасова на яе ўзмацніўся псыхалягічны ціск. Як кажа Аксана, стаўленьне начальства да яе нагадвала зьдзек: ёй выдалі картку пэрсанальна ўліку, у якой яна мусіць адзначаць час свайго прыходу і сыходу з працы – астатніх чальцоў працоўнага калектыву такая прыдумка не датычылася. Два разы на дзень змушалі яе праходзіць і працэдуру тэставаньня на алькаголь. Акром таго, валюнтарысцкім рашэньнем яе пазбавілі права на атрыманьне спэцвопраткі, і толькі пасьля звароту ў раённую арганізацыю па ахове працы начальства вымушанае было выдаць адзеньне, прызначанае дворніку для выкананьня сваіх працоўных абавязкаў.
Не пагадзіўшыся з рашэньнем Глыбоцкага раённага суду, кіраўніцтва ЖКГ падало касацыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд. Суд, аднак, у гэтым выпадку кіраваўся літарай закону, а не амбіцыйнымі жаданьнямі кіраўніцтва Глыбоцкай ЖКГ. Як зьменіцца стаўленьне да жанчыны на працы пасьля цяперашняга судовага рашэньня – пакажа час.
Сама Аксана Мушкат адзначае, што дзеля дасягненьня справядлівасьці ёй спатрэбілася прыкласьці шмат высілкаў і запасьціся цярплівасьцю, але цьвёрдай упэўненасьці ў нармалізацыі адносінаў да яе асобы з боку кіраўніцтва пакуль няма.
С. Горкі, Віцебская вясна