Аўторак, 17 Снежань 2013

Актывіст скардзіцца старшыню Канстытуцыйнага суду (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Здрэстаў Леанід Здрэстаў

Пасьля таго, як судзьдзя суду Віцебскага раёну Натальля Трацьцякова адмовіла Леаніду Здрэставу ў задавальненьні хадайніцтва аб допуску да ўдзелу ў судовым паседжаньні па грамадзянскай справе ў якасьці яго прадстаўніка праваабаронцы, ён зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд. Канстытуцыйны суд ня стаў вырашаць пытаньне, і цяпер актывіст просіць разабрацца ў сытуацыі старшыню Канстытуцыйнага суду.

Як сьцьвяржае Леанід Здрэстаў, Канстытуцыя гарантуе яму права карыстацца дапамогаю адвакатаў і іншых яго прадстаўнікоў у судзе. Аднак судзьдзі Канстытуцыйнага суду, да якіх ён зьвярнуўся, ня сталі разглядаць, ці было парушанае гэтае яго права ў судзе Віцебскага раёну. Адказ начальніка сакратарыяту суду Аляксандра Каравая, у якім той тлумачыць, хто і як можа зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, ён лічыць адпіскай.

«Прашу прызнаць неканстытуцыйнымі і парушаючымі мае канстытуцыйныя правы дзеяньні сакратарыяту Канстытуцыйнага суду і адказ начальніка сакратарыяту Каравая А.В», – напісаў Леанід Здрэстаў у сваёй скарзе на імя старшыні Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча. Актывіст спадзяецца на добрапрыстойнасьць апошняга і чакае, што яго скарга будзе разгледжаная належным чынам.