Чацвер, 12 Снежань 2013

Паклёп з боку палітыка аказаўся недаказаным

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Кірылаў Аляксандар Кірылаў

Судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебска Алена Цыганкова спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Аляксандра Кірылава. Яна ня ўгледзела складу правапарушэньня ў дзеяньнях віцебскага палітычнага актывіста, прадугледжанага арт. 9.2 (Паклёп) Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

З пратаколу міліцыі вынікае, што 30 верасьня 2013 году Аляксандар Кірылаў, знаходзячыся ў ДУ «Рэспубліканскі шпіталь спэлеалячэньня» (г. Салігорск) у кнізе заўваг і прапаноў адзначыў, што мэдпэрсанал ў начны час гуляў у карты з хворымі «на жаданьні». Праўда, якога кшталту былі гэтыя жаданьні, калі, як, кім і дзе гэтыя жаданьні задавальняліся, у кнізе заўваг і прапаноў Кірылаў не згадаў.

У ходзе вядзеньня адміністрацыйнага працэсу высьветлілася, што пацярпелыя - гэта працаўніцы спэлеашпіталя: А. Белега, Л. Трубяцкая, Т. Каратчэня і І. Галіцкая. Яны сьцьвярджалі, што інфармацыя, выкладзеная Кірылавым ў кнізе заўваг і прапаноў, зьяўляецца заведама ілжывай, ганьбіць іх, і тычыцца менавіта іх, бо ў названы час яны знаходзіліся на дзяжурстве.

Раскрыўшы сябе, дзяўчаты паставілі сябе ў двухсэнсоўнае становішча ў вачох калег і пацыентаў. Бо ўначы на працы знаходзіліся ня толькі яны, але і іншыя мэдработнікі. Але чамусьці менавіта гэтая чацьвёрка маладых мэдсёстраў шпіталя палічыла сябе абгаворанай.

Ацаніўшы ўсе доказы па справе, судзьдзя Цыганкова прыйшла да высновы, што супрацоўнікамі салігорскай міліцыі не было прадстаўлена пераканаўчых доказаў вінаватасьці Кірылава ў наўмысным распаўсюдзе заведама ілжывых, ганебных прыдумак. Гэта значыць паклёпу не было. Бо запісы, зробленыя Кірылавым ў кнізе заўваг і прапаноў спэлеашпіталя, не зьмяшчаюць ніякіх імёнаў ці іншых дадзеных, па якіх можна было б ідэнтыфікаваць канкрэтных людзей. Таму ні пра які паклёп гаворкі быць не можа.

На гэтай падставе ў дачыненьні да Аляксандра Кірылава адміністрацыйная справа была спыненая. Аднак, «пацярпелыя» мэдсёстры маюць яшчэ дзесяць дзён, каб абскардзіць рашэньне суду ў касацыйнай інстанцыі.