Суд адбываўся ў Паставах. Падтрымаць ксяндза Аляксандра прыехалі святары дыяцэзіі, біскуп, законная сястра і парафіянін. Пробашча судзілі за дзеянні ў сацсетках паводле двух адміністрацыйных артыкулаў - 24.23 «несанкцыянаванае пікетаванне» (за выяву бел-чырвона-белага сцяга разам з украінскім сцягам на аватарцы) і 19.11 «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (лайкі і каментары пад публікацыямі інфармацыйных старонак, абвешчаных «экстрэмісцкімі»).
Сведкамі выступілі двое міліцыянтаў, якія прагледзелі старонкі святара і склалі рапарты аб адміністрацыйных парушэннях. Спрэчкі ў судзе працягваліся некалькі гадзін.
«Па логіцы, абвінавачваць абсалютна не было ў чым. Ксёндз Аляксандр цалкам адмаўляў несправядлівае абвінавачванне, тлумачыў усё з пазіцыі хрысціянства: што ягоная місія - быць разам з людзьмі, што бел-чырвона-белы сцяг - гэта знак перамогі уваскрослага Хрыста, што ён не меў ніякіх палітычных намераў. Адвакат цалкам разбіў абвінавачванні, тлумачыў, што яны беспадстаўныя, спасылаўся на Канстытуцыю, і пасля ягонай прамовы была надзея, што ксяндза Аляксандра апраўдаюць. Але гэта не паўплывала на пазіцыю суддзі, які паверыў міліцыянтам, а не святару і ягонаму абаронцу.
Пасля абвяшчэння рашэння святара не затрымалі адразу ў зале суда, а далі гадзіну на тое, каб самому прыйсці для адбывання пакарання. Ксендз Аляксандр з пакорай так і зрабіў.
Павел Жукаў