Журналістку аштрафавалі на 60 базавых велічынь за «несанкцыянаванае пікетаванне» і на 20 базавых велічынь – за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Першамайскага райсуду Віцебска Алена Жук «шляхам частковага складання асноўных адміністратыўных спагнанняў» пастанавіла аштрафаваць жанчыну на 70 базавых велічынь.
Паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП Алену Шабуню прызналі вінаватай за знойдзеныя на яе старонцы ў Фэйсбуку спасылкі на матэрыялы інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Апрача гэтага, паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП жанчыну звінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікета за фотаздымак, размешчаны ў той самай сацыяльнай сетцы. Журналістка сфатаграфавала фрагмент інтэр'ера: на паліцы ў вазачцы стаяць галінка з зялёнымі лісткамі, пабач з ёй – польскі, украінскі і нацыянальны бел-чырвона-белы сцяжкі.
У міліцэйскім пратаколе, працытаваным у судовым рашэнні, гаворыцца, што на фотаздымку была «сімволіка бел-чырвона-белага і жоўта-зялёнага колераў» - падобна, што ў Першамайскім РАУС не ўсе супрацоўнікі ведаюць дзяржаўныя сімвалы суседніх краін. Але, паводле пратакола, кампазіцыя з зялёнай галінкай і сцягамі з'яўляецца выражэннем «асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Алена Шабуня не прысутнічала на разглядзе сваёй апеляцыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе, бо вымушана знаходзіцца за межамі Беларусі. Яна хадайнічала, каб ёй дазволілі ўзяць удзел у разбіральніцтве дыстанцыйна, праз Skype. Аднак суддзя Святлана Іванова адхіліла гэтае хадайніцтва.
Маргарыта Паўлава