Суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая 22 снежня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы аштрафавала на 555 рублёў каталіцкага верніка Арцёма Кабылкова.

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі 27 снежня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый і нацысцкай сімволікі ў сацыяльнай сетцы аштрафаваў на 1480 рублёў электраманцёра мясцовай філіі РУП «Віцебскэнерга» Сяргея Кудраўцава.

Суддзя суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык 8 снежня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы аштрафавала на 925 рублёў намесніцу дырэктара па вучэбна-вытворчай працы Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Людмілу Капусто.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 13 снежня за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы арыштавала на 15 сутак работніка НВА «Нафтан» Аляксандра Ляшкова. А суддзя таго ж суда Святлана Гаўро, 27 снежня, пакарала мужчыну за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы арыштам на 14 сутак.

Маці палітвязня Паўла Севярынца, вядомага палітыка і пісьменніка вінавацяць паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і ч. 2 арт.19.11 КаАП (распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў) – на яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Магчыма, суд будзе разглядаць іх, аб’яднаўшы ў адну справу. Судовы працэс распачнецца ў 10.30 у судзе Першамайскага раёна Віцебска.