Суддзя суда Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 11 студзеня за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення пікетавання ў сацыяльных сетках пакараў арыштам на 10 сутак загадчыка аддзела мясцовай крамы Аляксандра Зарэмбу.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 27 снежня не стаў караць за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы ўраджэнца Расійскай Федэрацыі беспрацоўнага жыхара Віцебска Эдуарда Тарканоўскага. Работнікі міліцыі не змаглі даказаць вінаватасць маладога чалавека.

Справу Барыса Казельскага 12 студзеня разбірала суддзя наваполацкага гарсуда Зінаіда Балаболава. Паводле судовай пастановы, 22 снежня мінулага года жыхар Наваполацка парушыў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Парушэнне палягала ў тым, што мужчына набраў нумар 102 і сказаў дзяжурнаму, які ўзяў слухаўку, «Слава Украіне». Суддзя вырашыла, што шляхам «публічнага ажыццяўлення званка» Казельскі «правёў несанкцыянаванае пікетаванне без дазволу Наваполацкага гарвыканкама, выказваючы свае грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы». І, паводле арт. 24.23 КаАП, мае быць арыштаваным на 15 сутак.

Суддзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 28 снежня за “экстрэмізм” у сацыяльнай сетцы пакарала адміністрацыйным штрафам у памеры 740 рублёў беспрацоўнага бацьку двух малалетніх дзяцей Аляксандра Шнітко.

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 5 студзеня за распаўсюджванне ў сацыяльнай сетцы відэароліка з «экстрэмісцкай» інфармацыяй аштрафавала прыбіральшчыцу службовых памяшканняў у Фізкультурна-спартыўным клубе "Міёры" Таццяну Дзямешку.