У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю БяляцкамуВалянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. 

Праваабаронцам не вядома, якое пакаранне прызначыў Ірыне Леснічэнка Вушацкі раённы суд, але жанчына спрабуе абскардзіць пастанову суду першый інстанцыі. Пасяджэнне ў Віцебскім абласным судзе прызначана на 3-га траўня. Таксама не вядома, ці пакінулі спадарыню Ірыну на працы: апошнім часам было вельмі шмат прэцэдэнтаў, калі настаўнікаў, асуджаных паводле арт. 19.11 КаАП, неўзабаве змушалі звольніцца «па ўласным жаданні» пад пагрозай звальнення «за прагулы», калі пакараннем быў арышт, або за неадпаведнасць пасадзе настаўніка.

На наваполацкіх прадпрыемствах «Нафтан» і «Палімір» цягам тыдня затрымалі 10 чалавек. Пра гэта паведаміў «нафтанаўскі» закрыты тэлеграм-канал. Затрыманым прысудзілі адміністрацыйныя арышты, і выказваецца меркаванне, што па адбыцці работнікі будуць звольнены. Пра масавыя звальненні даходзяць звесткі і з Навалукомлю: кажуць, што за апошні час каля 100 супрацоўнікаў Лукомскай ДРЭС звольніліся нібыта «па ўласным жаданні», але такі масавы добраахвотны сыход работнікаў не выглядае на натуральную з'яву.

Віцебская відэаблогерка Алена Янушкоўская набыла шырокую вядомасць, стварыўшы відэаканал «Настоящая Беларусь», дзе паказвала хібы мясцовага жыцця насуперак «прыгожай карцінцы», якую паказваюць на беларускім тэлебачанні. Паралельна яна стварыла групы ў розных сацыяльных сетках, каб інфармаваць найбольшую колькасць сваіх падпісчыкаў. Цяпер група ў «Одноклассниках» пад назовам «Елена Янушковская НАСТОЯЩАЯ БЕЛАРУСЬ» залічана ў спіс экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў.

20 сакавіка суддзя Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка аштрафавала настаўніцу-дэфектолага, маці дваіх непаўнагадовых дзяцей Алену Белую.