Пачаў свой памфлет Панкрат з крыўды, што на Захадзе прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ часта называюць прапагандыстамі, укладваючы ў гэтае паняцце негатыўны сэнс.
“Маўляў, нічога акрамя хлусні нашы дзяржаўныя тэлебачанне і прэса не нясуць, значыць, іх ідэйныя ўстаноўкі, пасылы шараговым грамадзянам не варта прымаць да ўвагі. Адгэтуль лагічная выснова: гледзіце, слухайце і чытайце толькі тое, што падаецца заходнімі журналістамі, лідарамі меркаванняў, блогерамі”.
Панкрат пачаў размываць паняцце пра медыя-этыку і паступова падводзіць чытача да таго, што верыць трэба толькі “дзяржаве, якая пры любых абставінах клапоціцца аб сваіх грамадзянах”.
Але, як вядома, па ўсёй Беларусі, ды і ў Глыбокім таксама, людзі зведалі і зведваюць надалей той “клопат” у выглядзе звальненняў, запужванняў на працы, пасадак на суткі ды ў турмы за лайкі, падпіскі ды салідарнасць.
Далей галоўны рэдактар раёнкі пачынае вінаваціць ва ўсім Захад.
“Правіла, хто мацнейшы - той і мае рацыю, дзейнічае ў сучасным свеце, і яно, як паказваюць сваімі дзеяннямі заходнія эліты, галоўней за праславутыя міжнародныя прававыя нормы. Дыпламатыя засталася ў мінулым. Заходнія палітыкі праз падкантрольныя СМІ навучыліся па-майстэрску апраўдваць любыя злачынствы, калі яны здзейснены ва ўгоду іх інтарэсаў. З часоў крывавых Крыжовых паходаў нічога не змянілася: у тыя часы забойства
людзей апраўдвалі неабходнасцю распаўсюджвання хрысціянства, а, па сутнасці, ішло татальнае разрабаванне народаў”, - піша Панкрат.
Панкрат незадаволены і самім тэрмінам “незалежныя СМІ”. Іх ён вінаваціць у праплачанасці, заказным характары і маніпулятыўнасці – роўна ў тым, ідэальным выразам чаго ён сам і выступае. Беларусам вядомая роля дзяржаўных прапагандыстаў - дагаджаць уладам Беларусі і абслугоўваць іх. Нездарма ж іх у народзе называюць абслугай уладаў.
Далей у сваім памфлеце галоўны рэдактар не разумее таго, што ў ліку людзей, не згодных з рэжымам, былі шматдзетныя маці. Ён лічыць, што дзяржава зрабіла вельмі шмат для падтрымкі шматдзетных, а яны, паводле яго, не пасаромеліся плюнуць той жа дзяржаве ў твар.
“Ну, калі так, то адмоўцеся ад тых кватэр, якія вам на льготных умовах дазволіла пабудаваць дзяржава”, - прапануе ён шматдзетным.
Такім чынам, Панкрат зрабіў падмену паняццяў “рэжым” і “дзяржава”.
Напрыканцы свайго артыкула ён незалежныя СМІ называе яшчэ сваімі непрыяцелямі і звяртаецца да чытачоў з наступным пытаннем: “Няўжо яны (маецца на ўвазе незалежныя СМІ і апазіцыя) усім падораць па кватэры і аўтамабілю, калі даб'юцца звяржэння ўлады? “Трымайце кішэню шырэй”, - піша Панкрат.
Канешне, навошта на кагосьці спадзявацца, каб падарылі кватэру, трэба ёй проста завалодаць не вельмі прыемным чынам, як гэта зрабіў калісьці рэдактар раённай газеты ў Глыбокім Андрэй Панкрат.
Віталь Крупка