24 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі журналістаў і актывістаў, пакараных штрафамі за фатаграфаваньне з птушкамі і клеткамі. Справы шасьці ўдзельнікаў фотасэсіі разьбіралі розныя судзьдзі – Эдгар Марцірасян, Сьвятлана Іванова і Ірына Смалякова, – але вынік іх разбораў аднолькавы: скаргі задаволеныя не былі, рашэньні, прынятыя судом Чыгуначнага раёну, пакінутыя бязь зьменаў.

3 сьнежня суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў адкладзеную раней адміністрацыйную справу Пятра Берлінава – яшчэ аднаго ўдзельніка мастацкага пэрформансу “з птушкамі і клеткамі”. І хоць спадар Берлінаў журналістыкай не займаецца, а да мастацкай акцыі ў падтрымку свабоды прэсы далучыўся выпадкова, ён усё адно быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Віцебскі праваабаронца Валер Місьнікаў лічыць, што віцебскія журналісты знаходзяцца ў небясьпецы, іх перасьледуе міліцыя, і судзьдзі адкрыта парушаюць правы, прапісаныя ў законах. Публікуем адкрыты ліст Місьнікава да «дзяржаўных адказных службовых асоб». Падставай да напісаньня ліста сталі адміністрацыйныя справы супраць журналістаў за фота на фоне графіці.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску працягнуліся слуханьні адміністрацыйных спраў віцебчукоў, якія далучыліся да сусьветнай кампаніі ў падтрымку свабоднай журналістыкі, сфатаграфаваўшыся на фоне вядомага ў горадзе графіці. 1 сьнежня разглядам спраў журналіста Кастуся Мардзьвінцава і каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяны Севярынец займалася судзьдзя Алена Цыганкова, а з боку абвінавачваньня выступаў усё той жа начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі РАУС Чыгуначнага раёну Віцебску маёр Аляксандар Рыбакоў.

Ліст з адмовай абавязаць цэнтральную гарадзкую паліклініку выконваць рашэньне выканкаму, кіраўніцтва якой адмаўляецца заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў, атрымаў абласны каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў.