Серада, 06 Люты 2019

Віцебскія каталікі атрымалі адказ на зварот аб вяртаньні пробашча катэдральнага касьцёлу

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Віцебскі катэдральны касьцёл Віцебскі катэдральны касьцёл

Вернікі парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску 6 лютага атрымалі адказ на калектыўны зварот да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, у якім прасілі перагледзець рашэньне аб забароне служэньня ў Беларусі пробашча Паўла Кнурэка. Адказ адмоўны.

“Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей пісьмом ад 18.10.2018 не ўзгоднена запрашэнне грамадзяніна Рэспублікі Польша Кнурэка Паўла для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці ў абшчыне “Рымска-каталіцкая парафія Езуса Міласэрнага ў г. Віцебску. Падстаў для перагляду раней прынятага рашэння не маецца”, – гаворыцца ў атрыманым лісьце (правапіс захаваны).

Дадаткова тлумачыцца, што на падставе дзейнага заканадаўства Ўпаўнаважаны мае права не ўказваць прычыну адмовы ўзгадніць запрашэньне сьвятара.

Вернікі незадаволеныя

Старшыня парафіяльнай рады Пётар Глод гаворыць, што незадаволены такім адказам Гулякі.

“Мы ведаем, што існуе інструкцыя, якая дазваляе Гуляку не адказваць на нашыя пытаньні. Але ж мы зьвярнуліся да яго чыста па-чалавечы і меркавалі, што можам атрымаць на зварот таксама людзкія тлумачэньні. А тут адпіска!” – абураецца Пётар Глод.  

“І другое: як гэта “няма падставы для перагляду”? Мы, простыя вернікі, са сваімі просьбамі і пытаньнямі хіба не падстава для яго? Пад зваротам было каля 200 подпісаў, сабраных за адзін дзень. Атрымліваецца, што ён не паважае нас як людзей?..” – дадае спадар Пётар.

Паводле старшыні парафіяльнай рады, віцебскія каталікі не зьбіраюцца маўчаць і будуць пісаць яшчэ адзін зварот – у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Нагадаем, у звароце да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў вернікі прасілі патлумачыць, зь якой прычыны пробашчу парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску кс. Паўлу Кнурэку было адмоўлена ў пастырскім служэньні на тэрыторыі Беларусі, а таксама – перагледзець гэтае рашэньне. Пісалі, што падобныя забароны шкодзяць іміджу Беларусі, якая апошнім часам пазыцыянуе сябе як адкрытая дзяржава.

Пад пісьмовым зваротам да Гулякі падпісаліся 168 вернікаў, пад электроннай пэтыцыяй – больш за 600 чалавек (электронны зварот быў адпраўлены пазьней, таму адказу на яго пакуль няма).

Зьміцер Міраш