Нягледзячы на адмену 25-й пешай грэка-каталіцкай пілігрымкі ў гонар пяці манахаў-базылянаў, забітых расейцамі ў 1705 годзе ў полацкай Сафіі, некалькі вернікаў прайшлі ўсё ж такі шляхам пілігрымкі зь Віцебску да Полацку ў прыватным парадку –  за 4 дні замест ранейшых пяці.

Прадстаўнікі Руху салідарнасьці “Разам” Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая пабывалі ў Віцебску і запрасілі мясцовых актывістаў узяць удзел у форуме “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”, які адбудзецца 17-18 жніўня ва ўкраінскім Чарнігаве.

Віцебскія грэка-каталікі адклікалі заяўку на правядзеньне юбілейнай пешай пілігрымкі ў Полацак, бо ўлады выставілі непасільны рахунак за “абслугоўваньне масавага мерапрыемству”. Тым ня менш, сьвяткаваньне 25-й пілігрымкі адбудзецца, запэўнівае адзін з арганізатараў хроснага ходу сьвятар Зьміцер Грышан.

Маці асуджаных паводле артыкулу 328 КК (Незаконны абарот наркотыкаў) маліліся сёньня каля муроў СІЗА №2 у Віцебску. Малебен ля турэмных муроў ладзіўся ў межах паломніцкага туру па гарадах Беларусі, у якіх разьмяшчаюцца калёніі і сьледчыя ізалятары.

У суботу 1 чэрвеня каталіцкія сьвятары і вернікі прайшлі па гораду працэсіяй Божага Цела. У рэлігійным шэсьці, якое пачалося пасьля ўрачыстай імшы ў катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага, узяла ўдзел паўтысячы чалавек. Калёну суправаджалі міліцыянты і мэдыкі.