Спачатку на размову выклікалі Пяшко, а пасьля – Рэзьнікаву. Прыкладна праз паўгадзіны абаіх вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Гутарыў зь імі старшы опэрупаўнаважаны Мікалай Кватэра.
«Выглядала ўсе даволі падазрона», – падзяліўся з прэс-службай ГА “БАЖ” Вячаслаў Пяшко пасьля вызваленьня. На просьбу журналістаў паказаць “арыенціроўку” – апісаньне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, – міліцыянты прад’явілі нейкі непераканаўчы дакумэнт на кампутары з агульным апісаньнем мужчыны “эўрапейскай зьнешнасьці”. Раздрукаваць дакумэнт адмовіліся.
Журналісты Вячаслаў Пяшко і Наста Рэзнікава здымалі відэарэпартажы для сайту газэты “Новы час” пра мясцовыя сацыяльныя праблемы. Тэмай увагі журналістаў быў дом №142 на вуліцы Віленскай (Леніна) у Глыбокім, жыхары якога дамагаюцца ад уладаў капітальнага рамонту. Таксама яны рыхтавалі відэаматэрыял пра дарогу Глыбокае – Дзеркаўшчына, подпісы за рамонт якой зьбіраюць вяскоўцы.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў і Весткі.інфо