Кіраўнік незарэгістраванай партыі «Белая Русь» зьвярнуўся да генпракурора пасьля таго, як апынуўся ў Віцебскім мэдвыцьвярэзьніку. Паводле слоў Сяргея Рыжова, у выцьвярэзьніку пасьля катаваньняў, адпускаючы, яму прыгразілі: «Данясеш – заб’ем!»
Цяпер справай аб зьбіцьці віцебскага палітыка ў выцьвярэзьніку займаецца Сьледчы камітэт. Паводле слоў Сяргея Рыжова, пасьля здарэньня яго неаднаразова запрашалі сустрэцца – ня толькі міліцыянты для дачы паказаньняў, але і сам начальнік мэдвыцьвярэзьніку: апошні патэлефанаваў Рыжову з нумару +375 29 5978877 і прапанаваў сустрэцца… у ягонай машыне. Рыжоў адмовіўся…
На думку Сяргея Рыжова, супраць яго ўчыненая правакацыя. Ён распавёў: невядомы старшы лейтэнант міліцыі паведаміў яму, што ёсьць пляны адправіць яго ў ЛПП. Для зьдзяйсьненьня плянаў застаўся толькі адзін прывад цягам году: «Цяпер мы цябе засадзім, – цытуе словы лейтэнанта Рыжоў. – Ты пойдзеш на ЛПП, а стуль можаш і не вярнуцца!». На думку палітыка, тое, што адбываецца, – гэта выкананьне чыёйсьці палітычнай замовы.
Наша інтэрнэт-выданьне будзе далей сачыць за разьвіцьцём падзеяў…