Чацвер, 31 Сакавік 2022

Хто карыстаецца мабільным тэлефонам Барыса Хамайды ў віцебскім ІЧУ?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Увечары 30-га сакавіка карыстальнікі  Telegram, знаёмыя з найстарэйшым віцебскім апазіцыянерам, атрымалі дзіўныя паведамленні. Паводле допісаў службы мэсэнджару, Барыс Хамайда зарэгістраваўся ў Telegram каля 22-й гадзіны вечара. Сітуацыя неверагодная ў прынцыпе, бо актывіст знаходзіцца пад арыштам, а ягоны тэлефон тым часам павінны захоўваць супрацоўнікі ІЧУ. Або міліцыянты, калі апарат забраны для нейкіх следчых дзеянняў. У любым выпадку, гаспадар карыстацца ім не можа. Хто ж тады ўвайшоў Telegram пад выглядам Барыса Хамайды?

Апошні раз віцебскі апазіцыянер выходзіў на сувязь 15-га сакавіка. Ён патэлефанаваў знаёмым, што яго затрымалі міліцыянты, і ён знаходзіцца ў РАУС Чыгуначнага раёну. Наступныя некалькі дзён сябры і родныя безвынікова шукалі Барыса Хамайду, спрабуючы даведацца, куды ён знік. Тэлефон быў на сувязі, але слухаўку ніхто не браў. Потым стала вядома, што спадара Хамайду асудзілі за несанкцыянаванае пікетаванне і пакаралі арыштам на 20 сутак. Што дзіўна: прайшло два тыдні, але ягоны тэлефон не разрадзіўся, і па-ранейшаму на яго можна патэлефанаваць, каб пачуць у адказ доўгія гудкі. А з апошніх падзеяў вынікае, што дэвайс не толькі своечасова зараджаюць, але ім яшчэ й карыстаюцца невядомыя асобы.

Беларускія праваабаронцы ўжо сутыкаліся з выпадкамі, калі міліцыянты, забраўшы тэлефоны ў грамадзянаў, размаўлялі па іх, глядзелі відэа і г. д. А гаспадарам потым даводзілася аплочваць вялікія сумы, выстаўленыя на рахункі. Бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі праз тэлефоны затрыманых шукалі падставы для новых адміністрацыйных справаў: да прыкладу, праглядалі фотаздымкі, шукаючы на іх бел-чырвона-белыя сцягі ці нешта падобнае, а потым вінавацілі людзей у несанкцыянаваным пікетаванні. Такім самым чынам, праз чужую рэгістрацыю, міліцыянты ўваходзілі ў так званыя «экстрэмісцкія» Telegram-каналы і фіксавалі ўдзельнікаў, іхныя допісы, а то і сами пакідалі  паведамленні ад чужога імя, каб потым мець падставы для адміністрацыйных або нават крымінальных справаў.

Верагодна, нешта падобнае спадзяваліся зрабіць і тыя, хто зарэгістраваўся ў Telegram ад імя Барыса Хамайды. Аднак яны не ўлічылі, што актывіст – «чалавек старой фармацыі», які карыстаецца мабільным тэлефонам выключна для званкоў, і не з’яўляецца прыхільнікам сацыяльных сетак і мэсэнджараў. Таму рэгістрацыя ад ягонага імя адразу выклікала падазрэнні ў сяброў і знаёмых.

Андрэй Кот