Здымачную групу незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат», затрымалі ў Мёрах. Наста Рэзьнікава, Аляксандар Пацееў і Сяргей Кручкоў здымалі сюжэт для праграмы «Маю права» пра жыхароў мястэчка, якія засталіся без ацяпленьня.

Вольгу Карач затрымалі празь некалькі гадзін пасьля адпраўкі адкрытага звароту прэзыдэнту з нагоды ціску на яе сям’ю і месячнага сына. Лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач пасьпела паведаміць па тэлефоне, што яна і ейны муж, Алег Баршчэўскі, галоўны рэдактар «Віцебскага Кур’ера», затрыманыя міліцыяй і іх вязуць у Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна прызнала Сяргея Рыжова вінаватым у хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыянтам — супрацоўнікам выцьвярэзьніку 16 лістапада мінулага году. Сам палітык настойвае, што ў выцьвярэзьніку яго зьбівалі, а потым сфабрыкавалі справу пра непадпарадкаваньне.

У Гарадоцкім РАУС Леаніду Аўтухову паказалі ліст за подпісам “Ананім”, дзе гаварылася, што ён рыхтуе ў райцэнтры акцыю пратэсту. Кіраўніка арганізацыі партыі БНФ па Віцебскай вобласьці пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны – пакуль ня зьехала абласное начальства, якое прыяжджала сустракацца зь незадаволенымі мясцовымі прадпрымальнікамі.

Музыкі зь Менску, якія хацелі паўдзельнічаць у канцэрце ў Віцебску, не змаглі выйсьці на сцэну. Пра гэта паведаміў адзін з музыкаў — Павал: «Мы даехалі цягніком зь Менску да Воршы. Там трэба было чакаць дзьве гадзіны, і мы выйшлі, каб прагуляцца. Раптам каля нас зьявіліся супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Усіх адвялі ў пункт аховы, праверылі дадзеныя. Пасьля гэтага ў суправаджэньні некалькіх міліцыянтаў мы паехалі ў Віцебск.