Надзея Куканос была затрыманая міліцыянтамі ў Віцебскім абласным судзе. На яе склалі два пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў аховы правапарадку. На думку міліцыянтаў, журналістка была п’яная, але экспэртыза не пацьвердзіла іх падазрэньні.

Грамадзкага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за несанкцыянаванае пікетаваньне каля так званага «Сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна, дзе каля ўваходу ў краму «Веста» ён ужо даўно і стала распаўсюджвае незалежную прэсу. Віцебскага апазыцыянэра адвезьлі ў міліцыю Чыгуначнага раёну Віцебску. Праўда, праз паўгадзіны і адпусьцілі, не складаючы пратаколу.

Віцебскі актывіст Андрэй Андрэеў распаўсюджваў улёткі з інфармацыяй пра «Народны рэфэрэндум». Пра яго затрыманьне паведаміла каардынатарка кампаніі “Гавары праўду” па Віцебскай вобласьці Лідзія Сагідуліна: за спадаром Андрэевым сачылі невядомыя з цывільнай машыны. Kалі ён увайшоў у адзін з пад’ездаў, праз пару хвілін увайшлі і яны, прапанавалі праехаць зь імі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Суд над віцебчуком Пятром Івановым, затрыманым раніцай 12 красавіка ў будынку абласнога ДАІ, распачаўся ў гэты самы дзень пад канец працоўнага дня. Спадар Іваноў заявіў хадайніцтва аб удзеле ў судовым працэсе адваката. Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Прэйс хадайніцтва задаволіў. Пятру Іванову дадзены час да 11:00 17 красавіка, каб заключыць дамову з адвакатам. Да гэтага часу ён адпушчаны дадому.

Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся да начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску з заявай аб аднаўленьні правоў затрыманых 22 сакавіка сябраў партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Ён патрабуе разгледзець справу ў судзе не пазьней як цягам 48 гадзін пасьля затрыманьня або вызваліць актывістаў. Аналягічныя заявы былі накіраваныя таксама ва УУС Віцебскага аблвыканкаму і міністру ўнутраных спраў.