Павал Севярынец: Свабоду Гайдукову!
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязень Павал Севярынец распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня наваполацкага грамадзкага актывіста, супраць якога распачалі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». Ён патрабуе ад спэцслужбаў вызваленьня затрыманага Андрэя Гайдукова і тлумачэньняў наконт апэрацыі па ягоным арышце. Нагадаем, КДБ заявіў, што Гайдукоў на заданьне замежнай выведкі займаўся «зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару».
Па справе аб выбуху ля будынку віцебскага КДБ застаецца пад вартаю адзін чалавек
Па справе выбуху каля КДБ у Віцебску затрыманым застаецца адзін чалавек. Астатніх падазраваных сьледчыя Сьледчага камітэту адпусьцілі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад». Выбух у Віцебску быў зьвяном у дзіўным ланцугу здарэньняў. 5 лістапада на беларуска-польскай мяжы адбыўся выбух. 6 лістапада невядомыя кінулі кактэйль Молатава ў летувіскую амбасаду ў цэнтры Менску. 8 лістапада ў Наваполацку й Віцебску затрымалі двух маладых рабочых, аднаго зь іх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.
КДБ затрымаў наваполацкага маладзёна, яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня за здраду дзяржаве
Андрэй Гайдукоў быў арыштаваны паводле артыкулу 356 Крымінальнага Кодэкса Беларусі - здрада дзяржаве, у цяперашні момант ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ. «Цяпер мы шукаем для яго адваката, таму што першы абаронца, Восіпава Вікторыя Віктараўна, быў дзяржаўным», - адзначае лідэр наваполацкай грамадзкай ініцыятывы “Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў.
Праваабаронцу Паўла Левінава затрымалі ля будынку КДБ
На віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава складзены адміністрацыйны пратакол аб парушэньні правілаў дарожнага руху. 12 лістапада з самай раніцы Левінаў знаходзіўся каля будынку Ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці, дзе напярэдадні прагрымеў выбух. Менавіта ад яго шматлікія мэдыі даведваліся, што адбываецца на месцы здарэньня.
Зь Яўгена Гуцалава спагоняць 300 тысяч рублёў за “паслугі” ІЧУ
Віцебскі актывіст БХД і назіральнік на нядаўніх выбарах Яўген Гуцалаў адбыў сем сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. А зараз ён вымушаны заплаціць яшчэ за “паслугі” віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Кошт турэмнага “сэрвісу” – 50 тысяч за суткі. Нагадаем, што сем сутак арышту прысудзіла Гуцалаву судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская. Судзьдзя ўзяла пад увагу той факт, што на той момант Гуцалаў нідзе не працаваў і выплаціць вялікі штраф ня змог бы.