Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму» разьмясьціла заяўку на мадэрнізацыю сыстэмы відэаназіраньня будынкаў аблвыканкаму прыблізным коштам 1,5 млрд рублёў, або $ 176,7 тыс. на афіцыйным сайце Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і кан’юнктуры цэн.

“З гарвыканкаму прыйшоў адказ на нашу заяўку. Напісана, што нам адмовілі, бо мы просім дазволу на шэсьце і мітынг у недазволеных месцах, і правядзеньне там нашых акцыяў будзе парушэньнем заканадаўства. Насамрэч парушаем заканадаўства ня мы”, - гаворыць сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Віцебскі ўрач Ігар Пастноў неаднаразова ўздымаў балючыя пытаньні віцебскай мэдыцыны ў друкаваных СМІ і праз інтэрнэт. Цяпер ён мусіў зьвярнуцца ў міліцыю, бо нехта, падпісваючыся ягоным імем, разьмяшчае ў інтэрнэце камэнтары правакацыйнага зьместу. Заява Ігара Пастнова пра тое, што невядомыя ад яго імя “абліваюць брудам знаёмых і сяброў”, зафіксаваная ў адмысловым відэазвароце. Ен гаворыць пра тое, што заўжды імкнуўся абнародаваць тыя праблемы, якія мае віцебская мэдыцына, але не “зьбіраць бруд”. Калі ж міліцыя не паставіцца да ягоных патрабаваньняў знайсьці сапраўдных паклёпнікаў сур’ёзна, віцебскі лекар будзе зьвяртацца ў пракуратуру.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец заклікаў маладых хрысьціянскіх дэмакратаў актыўна працаваць зь людзьмі на карысьць Беларусі. Яго вітаньне было зачытанае на ўстаноўчым зьезьдзе грамадзкай арганізацыі «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» (МХД), які праходзіў 3 лістапада ў Менску. У сваім вітаньні палітык адзначыў, што маладым хрысьціянскім дэмакратам «ёсьць куды прыкласьці свае сілы».

 

Дзесяць сем’яў выселеныя за неаплату жыльлёва-камунальных паслуг у студзені-верасьні ў Віцебскай вобласьці, паведаміла начальніца аддзелу бухуліку і справаздачнасьці ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкаму Натальля Яцук. Адключаныя камунальныя паслугі (вада, электрычнасьць і газ) 4,2 тысячам сем’яў. Папярэджаньні дасланыя 23,7 тыс. неплацельшчыкам. Пададзена 3,9 тыс. выканаўчых надпісаў на суму больш як Br2 млрд., зь іх выканана больш за 2 тыс. на Br1, 2 млрд. У суд пададзена 778 пазоўных заяў на спагнаньне даўгоў на Br500 млн., зь іх задаволена 550 на Br300 млн.

З-за аднаго пропуску ад навучэнца мэдкаледжу патрабуюць забраць дакумэнты. Сяргей Семенчукоў - брат актывісткі грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Алены Семенчуковай.

Працоўная спрэчка ўзьнікла паміж прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемствам «Ультратэкрытэйл», Віцебск, і спэцыялістам па продажах Дзьмітрыем Анішчанкам. Наймальнік адмаўляўся выдаць працаўніку месячны заробак і зрабіць разьлік пры звальненьні. Дзякуючы дапамозе юрыдычнай службы прафсаюзу РЭП, наймальніку давялося заплаціць работніку значна больш.

Актывісты кампаніі “Наш дом” распачалі збор подпісаў жыхароў Віцебску пад патрабаваньнем да ўладаў ўсталяваць сьвятлафор на пераходзе па вуліцы Чарняхоўскага, насупраць абутковай крамы “Марка”, паведамляецца на сайце кампаніі.

У Віцебску 27 кастрычніка прайшла абласная канфэрэнцыя аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. У ёй удзельнічала больш за 30 чалавек з 12 раённых структур БХД Віцебскай вобласьці, а таксама кіраўніцтва аргкамітэту.

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ маюць намер зладзіць 7 лістапада ў Віцебску вулічнае шэсьце і пікет. Адпаведная заява пададзеная імі ў віцебскі гарвыканкам. Мэта меркаваных масавых мерапрыемстваў: распавесьці жыхарам гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалёгіі для разьвіцьця Беларусі, пра злачынную дзейнасьць камуністаў па зьнішчэньні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасьці беларускага народу.