Серада, 29 Красавік 2015

Віцебскаму актывісту адмоўлена ў доступе да правасудзьдзя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адстойваючы свае правы і законныя інтарэсы, жыхар Віцебску Аляксандар Холад цягам апошніх гадоў вядзе ліставаньне зь дзяржаўнымі органамі і судамі ўсіх узроўняў. Аднак яму так і не ўдалося абараніць сябе ад самавольства і злоўжываньняў з боку прадстаўнікоў дзяржаўнай улады.

 

У лютым гэтага году Аляксандар Холад зьвярнуўся да прэзыдэнта краіны як гаранта законнасьці. Прычынай звароту паслужыў той факт, што старшыня Вярхоўнага суду Вадзім Сукала і яго намесьнікі не разгледзелі ягоную скаргу па сутнасьці, бо ў скаргах прысутнічала адкрытая жорсткая крытыка працы суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Таксама ў зваротах ўскрываліся злоўжываньні службовым становішчам некаторых судзьдзяў гэтага раённага суду. Шукальнік праўды Аляксандар Холад у доказ сваіх слоў гатовы быў пайсьці на крайнія меры – прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні.

Аднак дробны чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта ня даў ходу скарзе Аляксандра Холада, і кіраўнік дзяржавы так і не даведаўся пра парушэньне кіраўнікамі Вярхоўнага суду яго права на доступ да правасудзьдзя.

Дзеяньні чыноўніка былі абскарджаныя. Аднак яго непасрэдны кіраўнік, на імя якога была накіраваная скарга, начальнік галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі прэзыдэнта Станіслаў Буко адмовіў у разглядзе звароту па надуманых падставах.

Цяпер Аляксандр Холад задумаўся, што рабіць далей. Адзіным магчымым спосабам абараніць сваё права на доступ да суду ёсьць падача скаргі ў Камітэт па правох чалавека ААН. Але беларуская бюракратыя мае глухую абарону ад рашэньняў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыі. Фармальна прызнаючы рашэньні згаданага квазысудовага органу, уладаносцы спасылаюцца на тое, што гэтыя рашэньні носяць нібыта рэкамэндацыйны характар і не зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня.

Віцебская вясна