Дзейнасць ураджэнца Оршы, паралімпійца і матывацыйнага трэнера Аляксея Талая па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны расследуецца паводле двух першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэкса Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны. Справу завялі 21 сакавіка 2022 г., Талаю пагражае да 15 гадоў турмы або нават пажыццёвае зняволенне.
Аляксей Талай – матывацыйны трэнер і вядомы параалімпіец: ва ўсзросце 16 гадоў ён страціў рукі і ногі ў выніку выбуху міны часоў Вялікай Айчыннай вайны. Паводле афіцыйнай версіі здарэння, 8 траўня 1999 г. хлопцы развялі вогнішча «на тым месцы, дзе больш за паўстагоддзя ляжала міна». Пра тое, як насуперак жыццёвым акалічнасцям ён не толькі выжыў, але і дасягнуў пэўных вышынь, Аляксей Талай часта расказвае на разнастайных сустрэчах.
Пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Ўкраіну ён заняў адкрытую прарасейскую пазіцыю, пачаў ладзіць паездкі украінскіх дзяцей у Беларусь «на аздараўленне». Падчас такіх паездак для ўкраінскіх дзяцей ладзяцца ідэалагічныя мерапрыемствы, дзе ўслаўляецца Расея і яе вайскоўцы. На «Легмашы» Талай таксама расказваў пра дзейнасць свайго фонду, пра «дзяцей Данбаса», а таксама пра патрыятызм, Вялікую Айчыную вайну, нацыянальныя традыцыі – гаварыў на ўсе тэмы, актуальныя для цяперашняй беларускай прапаганды.
Паводле «Аршанскай газеты», у работнікаў «Легмаша» было шмат пытанняў да госця, але выданне не канкрэтызуе ні што гэта былі за пытанні, ні якія на іх гучалі адказы.
З артыкула ў «Аршанцы» не зразумела таксама, чаму менавіта завод «Легмаш» стаў месцам сустрэчы з Аляксеем Талаем. 28 траўня на прадпрыемства прыязжаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта прадпрыемства задзейнічана ў галіне вайсковай прамысловасці: сярод асартыменту прадукцыі, якую дэманстравалі Лукашэнку, былі тармазныя колцы для расійскага РСЗА «Град» і карпусы для артылерыйскіх снарадаў.
Ірына Пугачова