Аўторак, 11 Лістапад 2025

Дзмітрый Паўлічэнка прыязжаў да полацкіх школьнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У полацкай сярэдняй школе №1 праводзілі  ваенна-патрыятычную эстафету "Спецназ" з удзелам каманд са школ рэгіёну. Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС "Честь", якую ўзначальвае Дзмітрый Паўлічэнка - былы камандзір спецбрыгады ўнутраных войскаў МУС. Ен вядомы ўдзелам у стварэнні і кіраванні гэтак званых эскадронаў смерці – таемнага ўзброенага фармавання сілавікоў, што ў 1990-х гадах забівала апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. За гэта былы камандзір спецназу застаецца ў чорным спісе Еўразвязу і пад санкцыямі ЗША.

Палкоўніка, якога называюць “кілерам Лукашэнкі”, апошнімі часам перыядычна запрашаюць на сустрэчы з беларускімі падлеткамі, дзе ён усхваляе сілавыя структуры. Так, у дзіцячым летніку  ён распавядаў    пра «ліхія 90-я», пра сваю службу ў спецназе, і пра тое, як падраздзяленні спецназу і міліцыі змагаліся супраць «неадэкватнага натоўпу» падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

У Полацку ён ацэньваў навыкі школьнікаў, якія адольвалі паласу перашкод, перацягвалі канат, стралялі, збіралі і разбіралі зброю.  Назіраў за гэтым і  пробашч парафіі храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы Валерый Рыжанкоў – ен распавядаў удзельнікам  "аб важнасці захавання міру, аб мужнасці і подзвігу абаронцаў Айчыны".

Марына Ажанава