У Браслаўскай гімназіі стварылі міліцэйскі вайскова-патрытычны клуб «МаршБрасОК»
Стварэнне вайскова-патрыятычных клубаў у беларускіх установах адукацыі ўжо даўно перастала быць навіной. Але «МаршБрасОК» - выключэнне ў шэрагу падобных аб“яднанняў: гэты клуб для падлеткаў быў створаны па ініцыятыве раённай міліцыі. Першымі выхаванцамі сталі 12 васьмікласнікаў «з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй», гаворыцца на сайце МУС Віцебскага аблвыканкама. Начальнік Браслаўскага РАУС Аляксандр Мядзёлка падкрэсліў, што клуб будзе цесна ўзаемадзейнічаць з райаддзелам міліцыі, а ў кіраўніцтва гімназіі з“явіліся спадзевы, што заняткі ў клубе дапамогуць вызначыцца з абраннем прафесіі.
Дэпутат Ягораў не паведамляе выбаршчыкам аб сваёй працы ў парламенце
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 20 Аляксей Ягораў 22 траўня правёў асабісты прыём выбаршчыкаў. Аднак ні ў мясцовых СМІ, ні на ягоным асабістым сайце справаздачы аб гэтай сустрэчы не паведамляецца.
Улады пачалі ўжо рыхтаваць да вайны і выхаванцаў дзіцячых садкоў
У Глыбокім 20 траўня для выхаванцаў старэйшых груп дзіцячага сада №4 зладзілі ваенна-спартыўную гульню "Зарніца". Глыбоцкія дашкаляты здзейснілі маршкідок праз балота, распальвалі вогнішча і спявалі ваенныя песні.
У жыхароў Дабрамысляў праблемы з гарачай вадой, але гэты аграгарадок – у пераможцах дзяржаўнага спаборніцтва
Жыхарам аграгарадка Дабрамыслі, што ў Лёзненскім раёне, адмовілі ў падачы гарачай вады ў неацяпляльную пару году (прыблізна з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка). Камунальныя службы заявілі, што жыхарам шматкватэрных дамоў варта паклапаціцца пра ўласны дабрабыт самім, кошт пытання з 950 рублёў. За гэтыя грошы месцічам прапанавана самастойна набыць і ўсталяваць бойлеры, бо цэнтралізаванага забяспячэння гарачай вадой на працягу амаль паўгода чакаць не даводзіцца.
Зарапартаваліся. Гарадоцкая газета пераблытала акцябратаў з піянерамі
Імкнучыся асвятляць усе ідэалагічныя мерапрыемствы ў рэгіёне, газета «Гарадоцкі веснік» паведаміла, што ў райцэнтры школьнікаў урачыста прымалі ў акцябраты. Але адбылося гэта ў так званы Дзень піянерскага сяброўства 19 траўня ( у СССР гэтая каляндарная дата лічылася «Днём піянерыі»). І як вынікае з фотарэпартажу, школьнікам у гэты дзень урачыста павязвалі чырвона-зялёныя гальштукі. Між тым «акцябрацкім» сімвалам лічыцца адмысловы значок, які выдаецца вучням пачатковых класаў.