Чацвер, 27 Люты 2020

Сябры ініцыятывы «Хайсы» вызначыліся з плянамі на будучыню

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

26 лютага сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» правялі сход, на якім заплянавалі дзейнасьць для далейшага ушанаваньня памяці ахвяраў сталінінізму. Мяркуюць стварыць сайт ініцыятывы, усталяваць новыя помнікі і мэмарыяльную дошку на будынку віцебскай турмы, распрацаваць экскурсійныя маршруты.

Кіраўнік ініцыятывы «Хайсы – Віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў зазначыў, што дзякуючы намаганьням грамадзкасьці зробленая вялікая праца па стварэньні народнага мэмарыялу «Хайсы», які 3 лістапада 2019 году асьвяціў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На месцах расстрэлаў усталяваныя крыжы і помнікі, ушанаваная памяць канкрэтных асобаў, якія зь вялікай доляй верагоднасьці маглі быць забітыя менавіта ў гэтым «расстрэльным» лесе. Удалося высьветліць дакладныя прозьвішчы двух рэпрэсаваных грамадзянаў. Знойдзены сярод чалавечых парэшткаў грабеньчык з надпісам адкрыў імя Вольгі Данцыт, а ўспаміны мясцовага жыхара Зьмітра Ганчарова вярнуў зь нябыту імя старшыні калгасу Антона Рамашкі.

Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што апроч таго вядзецца і вялікая інфармацыйная праца. Пасьля фотавыставы, праведзенай у віцебскім катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага, падобныя мерапрыемствы прайшлі ў Полацку, Глыбокім, Браславе, Мёрах.

Ян Дзяржаўцаў

«Выставы праходзілі зь вялікім посьпехам. Людзі распавядалі пра сваіх родных, рэпрэсаваных за савецкім часам. Казалі, што хочуць прыехаць у Хайсы, каб паглядзець на месцы жудасных расстрэлаў, зьдзейсьненых савецкай уладай, злачынствы якой роўныя злачынствам фашыстаў», – расказаў Дзяржаўцаў.

«А па зьнешнім пэрымэтры стаялі дзядзькі ў чорных паліто…»

На сход прыйшоў і адзін з пачынальнікаў ушанаваньня рэпрэсаваных у Віцебску Якаў Рыжык. Ягоны бацька быў рэпрэсаваны і сасланы на пяць гадоў у Варкуту. Актывіст прыгадаў, як у сярэдзіне 1980-х упершыню даведаўся ад сваёй сваячніцы пра месца масавых забойстваў ля вёскі Паляі. Жанчына была непасрэднай сьведкай расстрэлаў. З дапамогай мясцовых жыхароў удалося высьветліць месцы, дзе забівалі людзей. Першы крыж, да ўсталяваньня якога спрычыніўся Сяргей Цярэнцьеў, быў пастаўлены ў Паляях 5 лістапада 1989 году і асьвечаны сьвятаром Андрэем Несьвятаевым. У імпрэзе бралі ўдзел жыхары вёскі Паляі, школьнікі, старшыня мясцовага сельсавету.

Якаў Рыжык

«А па зьнешнім пэрымэтры стаялі дзядзькі ў чорных паліто, нешта запісвалі, вялі відэаздымку. Так, што ўсё зафіксаванае, і дакумэнты гэтай падзеі для гісторыі недзе ёсьць», – зазначыў Якаў Рыжык.

Сябар ініцыятывы «Хайсы» Міхаіл Шпакоўскі распавёў, што ўспаміны жыхароў пра расстрэлы ў Паляях зьбіралі віцебскія актывісты Сяргей Цярэнцьеў, Юры Сьцяпанаў, Алесь Шпунтоў, Міхась Паўлаў, Ігар Цішкін, Вольга Шпакоўская. Нейкія матэрыялы публікаваліся і ў газэце «Літаратура і мастацтва».

Праз Паляі мог ісьці шлях на Катынь

Актывістка Ірына Аляксандрава нагадала, што крыж у Паляях усталявалі без усялякага дазволу ўладаў.

«І хоць кадэбістаў было багата, нас ніхто не перасьледаваў. Людзі распавядалі, што, калі расстрэльвалі рэпрэсаваных, ля кожнай хаты ў вёсцы ставілі вартаўніка, а пасьля ўсю ноч ішлі машыны. Па сьвежых ямінах у лесе, людзі здагадваліся, што там адбываліся забойствы», – расказвала Аляксандрава.

Ірына Аляксандрава

Аляксандрава мяркуе, што праз Паляі мог ісьці шлях на Катынь. Тых, каго да Катыні не давозілі, маглі забіваць у Паляях. «Таму хачу сконыць такой фразай: «Калі мы ня пойдзем у Паляі, то Паляі прыйдуць па нас», – падагульніла выступоўца.

Што будзе зроблена ў 2020 годзе

Сябры ініцыятывы прыйшлі да высновы, што ў будучым трэба больш увагі ўдзяляць месцам расстрэлаў рэпрэсаваных у Палях і Цёплым лесе. Віцяблянін Канстанцін Смолікаў заўважыў, што ўлада хоць і не перашкаджае ўшаноўваць памяць, але ў той жа час і не прызнае гэтыя месцы мэмарыяламі, месцамі пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Падчас сустрэчы

Сярод заплянаванага – стварэньне ўласнага сайту, штогадовае ўпарадкаваньне месцаў сталінскіх рэпрэсій, усталяваньне помніку Антону Рамашку і шыльды на будынку віцебскай турмы (СІЗА) для ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных.

Сябры ініцыятывы «Хайсы» думаюць таксама распрацаваць маршруты, каб вадзіць па іх экскурсіі да месцаў масавых расстрэлаў у Паляях, Хайсах і Цёплым лесе. Плянуюць наладзіць супрацу з інстытутамі нацыянальнай памяці Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы ды Ўкраіны. Неўзабаве будзе накіраваны зварот да кіраўніцтва мясцовага сельскагаспадарчага прадпремства, каб яно не ўзорвала поле каля самага мэмарыялу пад Хайсамі.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.