8 верасня Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі віцебскага абласнога выканаўчага камітэту да аршанскага моладзевага абʼяднання «Звяз». Сваёй пастановай суддзя Марына Острыкава прыняла рашэнне ліквідаваць арганізацыю. Прадстаўнік «Звязу» у суд не зʼявіўся. Кіраўнік «Звязу» – вядомы аршанскі актывіст Ігар Казмерчак.

Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся да старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Мікалая Шарстнёва з прапановай аднавіць дыялог кіраўніцтва вобласці з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Першая дыялогавая сустрэча адбылася 17 жніўня 2020 году ў будынку Віцебскага аблвыканкаму і доўжылася больш за пяць гадзін. Але ад паўторнай сустрэчы ў колішнім фармаце ўлады катэгарычна адмовіліся.

Ад 14 ліпеня 2021 году ўлады распачалі ліквідацыю культурна-асветніцкай установы «Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора». Гэтае грамадскае аб'яднанне было зарэгістраванае ў якасці юрыдычнай асобы ў студзені 2016 году ў Віцебскім раёне. Называецца і прычына закрыцця ўстановы: «Неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу дваццаці чатырох месяцаў запар».

Мясцовыя ўлады вырашылі, што гэтая грамадзянская ініцыятыва, якая актыўна працавала ў прасоўванні культурных і гендарных праектаў у Полацкім рэгіёне, мусіць быць ліквідаваная, бо яе дзейнасць носіць дэструктыўны характар і прыносіць шкоду грамадству і дзяржаве.

Права на захаванне і развіццё культурнай спадчыны і нацыянальнай ідэнтычнасці важнае для людзей і мусіць ўсяляк падтрымлівацца дзяржавай. У нашай краіне гэтае права абмяжоўваецца ўладамі, імі ствараюцца перашкоды, іншым разам - непасрэдныя забароны на яго рэалізацыю.