22 сакавіка практычна ўсе раённыя газеты Віцебскай вобласці згадалі 79-я ўгодкі знішчэння беларускай вёскі Хатынь ў 1943 годзе. Згадка пра трагедыю падчас мінулай вайны звязваецца найперш з тым, што 2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Але ці толькі гэтую трагічную дату варта ўзгадваць як значную падзею гісторыі? І ці толькі пра Хатынь трэба памятаць?

Віцебская актывістка і маці палітвязня Таццяна Севярынец прапанавала ўсім ахвотным падзяліцца ўспамінамі на тэму «Як я пачаў размаўляць па-беларуску». Такую прапанову яна агучыла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». А распачаў флэшмоб Павел Севярынец – вядомы беларускі палітык і палітвязень, вытрымкі з ліста якога цытуе ў допісе ягоная маці.

Светлавы кораб з гербом Віцебскай вобласці 14 студзеня вярнулі на будынак у цэнтры гораду (вул. Гогаля, 14). Пагоня знікла з будынку 4 студзеня. Пазней у Віцебскім гарвыканкаме паведамілі журналістам, што знікненне Пагоні не мае ніякага палітычнага падтэксту, і паабяцалі вярнуць – ужо адрэстаўраваны. Паглядзіце, як яго змянілі, прапануюць «Народныя навіны Віцебска».

У Віцебску 4 студзеня з будынку з надпісам «Квітней, родная Віцебшчына» дэмантавалі герб Віцебскай вобласці – Пагоню. Працэс дэмантажу герба зафіксаваў віцебскі фатограф Павел Максімаў, а здымкі размясціў на сваёй старонцы ў Facebook. Як паведамілі журналістам у Віцебскім гарвыканкаме, тое, што з будынку ў цэнтры гораду дэмантавалі герб, не мае ніякага палітычнага падтэксту.

Год таму жыхар Полацку Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. Ужо ў лістападзе, калі адбываў чарговы арышт, следчыя прыгразілі яму крымінальнай справай, калі не перафарбуе дом. Пра гэта піша Беларускае Радыё Рацыя.