Пабачыў сьвет пяты нумар гістарычнага альманаху “Віцебскі сшытак”. Сьвежы нумар часопіса зьявіўся пасьля 17-гадовага перапынку, але здолеў захаваць пераемнасьць. Галоўнай тэмай “Віцебскага сшытку” №5 сталі шляхецкія рэзыдэнцыі Віцебшчыны. У чацьвер, 23 лістапада, новы альманах прэзэнтавала ў Віцебскай абласной бібліятэцы нязьменная яго рэдактарка Людміла Хмяльніцкая.

Зварот у Віцебскую гарадзкую пракуратуру Кастуся Смолікава ад імя кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ ня даў плёну. Ён скардзіўся на незаконнае, на яго погляд, праектаваньне Палацу ўрачыстых абрадаў і шлюбаў і пляны пабудаваць яго ў ахоўнай гістарычнай зоне. Актывіст апазыцыйнай партыі заявіў, што цяпер мае намер зьвярнуцца ў пракуратуру вобласьці.

Калі касьцёл будзе ссунуты хоць на мэтар ад сваіх гістарычных падмуркаў – гэта ўжо аніяк ня будзе стасавацца з аўтэнтыкай і нічым ня будзе адрозьнівацца ад псэўдааднаўленьняў кшталту менскай гасьцініцы “Эўропа” ды ідэі “аднаўленьня” Сафійскага сабору ў Віцебску, мяркуюць спэцыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Хто даў асабісты загад прыбраць з мастацкай выставы ў Віцебску інсталяцыю пад назовам “Дванаццаць нажоў у сьпіну рэвалюцыі” – невядома. Але, верагодна, без умяшаньня ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму тут не абышлося.

У Польшчы, ва Ўкраіне, Летуве шматлікія помнікі Леніну ўжо скінутыя з пастамэнтаў. Зрынутыя і забытыя. У Беларусі ж правадыр пралетарыяту працягвае весьці рэй у гарадзкой архітэктуры і тапаніміцы, пацьвярджаючы камуністычны лёзунг “жывейшы за ўсіх жывых”. Але ўявіце сабе, што заўтра вы прачняцеся, а пастамэнт на плошчы Леніна ў Віцебску пусты. Што адчуеце?..