Выпускны вечар для слухачоў “Мова Нанова” прайшоў 5 чэрвеня ў віцебскім арт-пабе “Торвальд”. Госьцем выпускнога стаў вядомы беларускі музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. Моўныя курсы “Мова Нанова” праходзяць у Віцебску ад 2014 году. Гэта ўжо пяты, і юбілейны, выпуск.

У віцебскім арт-цэнтры VZAP адкрылася выстава ілюстрацый Паўла Татарнікава да кнігі Уладзімера Арлова “Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касьцюшкі”. На адкрыцьці прысутнічалі і мастак, і пісьменьнік. Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў таксама іншыя свае кнігі.

Праект беларускай бібліятэкі “Камунікат” ажыцьцяўляецца ўжо цягам 19 гадоў. Спачатку стараньнямі некалькіх энтузіястаў, а цяпер – “Беларускім гістарычным таварыствам” Беластоку. На “Камунікаце” сабрана сёньня амаль 40 тысяч беларускіх публікацыяў.

Прэзэнтацыя кнігі, выдадзенай у 2018 годзе ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”,  прайшла ў віцебскім “Эўрапейскім клюбе”. У кнігу ўвайшлі тэксты, падрыхтаваныя для перадачы “Вострая брама” на “Радыё Свабода”. Зьміцер Бартосік вёў у ёй рубрыку “Забыты адрас”.

Гісторык і дасьледчык Зьміцер Дрозд прэзэнтаваў у Віцебску сваю кнігу “Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча”. У кнігу ўвайшлі каля 150 невядомых раней дакумэнтаў. Асоба беларускага клясыка, дзякуючы новым адкрыцьцям, набыла невядомыя раней рысы і стала яшчэ больш абаяльнай у сваёй рэалістычнасьці.