Пятніца, 05 Студзень 2024

Мікалай Статкевіч «працягвае адмаўляцца выконваць законныя патрабаванні адміністрацы"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Ліст з такімі словамі атрымала днямі жонка палітвязня Марына Адамовіч ад адміністрацыі глыбоцкай ПК-13, дзе зняволены палітык адбывае пакаранне. Ужо 330 дзён жонка не атрымлівае лістоў ад мужа, таму яна вымушана звяртацца да адміністрацыі калоніі, каб хоць што даведацца пра цяперашні стан Мікалая Статкевіча. У апошнім допісе ёй адказалі, што на яго за парушэнні рэжыму перыядычна накладаюцца спагнанні. Але што да стану здароўя, то «на дадзены момант пагрозы жыццю і здароўю М.Статкевічу няма». Таксама адміністрацыя падкрэслівае, што ен не пазбаўлены права на медычную дапамогу ў выпадку неабходнасці.

«Што ж, сабе, прынамсі, не здрадзіў», -- такім чынам Марына Адамовіч каментуе звесткі пра спагнанні, якія накладаюць на палітвязня ў зняволенні. «Рэчавую перадачу вярнулі трэці ўжо раз запар», -- дадае жонка навіны пра Мікалая Статкевіча.

23.11.2023 незалежным медыя рэсурсам Хартыя'97 была апублікавана навіна ад імя галоўнай рэдактаркі Наталлі Радзінай з патрабаваннем да беларускіх уладаў неадкладна арганізаваць спатканне Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча на фоне атрыманай інфармацыі аб яго смерці ў турме. Партыя Народная Грамада выступіла з заявай, дзе было выкладзена патрабаванне неадкладна арганізаваць спатканне Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча і абвергнуць, альбо падцвердзіць інфармацыю якая тычыцца палітыка Мікалая Статкевіча. Заява была праігнаравана. Марына Адамовіч атрымала з калоніі чарговую адпіску без аніякай канкрэтыкі.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020г. і асуджаны да 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Адбываць пакаранне палітыка скіравалі ў Глыбоцкую калонію, дзе адміністрацыя прыктычна адразу паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму. 4 лістапада 2022 г. МУС уключыла Мікалая Статкевіча ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

Марына Жолудзева